У Драздах трэці год не могуць прадаць дом, які належаў сям’і экс-міністра
- 2.12.2025, 15:52
Яго кошт перавышае 9 млн рублёў.
У Драздах у Мінску прадаюць катэдж коштам больш за 3,3 млн долараў. Раней жыллё, якое спрабуюць прадаць як мінімум трэці год, належала сям’і былога старшыні Следчага камітэта Валянціна Шаева, піша «Зеркало».
Дом размешчаны на ўчастку плошчай 14,5 сотак. Агульная плошча нерухомасці — 305 м², жылая — 200 м².
«Прадаецца новы (ніхто не жыў) дом у Драздах», — пазначана ў аб’яве.
Кошт аб’екта — 9 млн 749,4 тысячы рублёў, або 3 млн 360 тысяч долараў.
Гэты дом прадаюць як мінімум з чэрвеня 2023 года, тады ён каштаваў 2 млн 950 тыс. долараў.
У 2019 годзе гэты дом таксама выстаўляўся на продаж. Тады ён быў недабудаваны і выглядаў больш сціпла, а прасілі за яго амаль 900 тысяч долараў. Паводле звестак выдання, на той момант нерухомасць значылася за Антонінай Раманавай з Глыбокага — цешчай Валянціна Шаева, які ў 2012—2015 гадах узначальваў Следчы камітэт. Яна ў 2019 годзе прызнавалася выданню, кім даводзіцца чыноўніку. Калі Шаеў кіраваў СК, ён прапаноўваў увядзенне дадатковай адказнасці для занадта багатых чыноўнікаў — аж да спагнання такой маёмасці на карысць дзяржавы.
«Зеркало» раней высветліла, што ўладальніца ўчастка (сваячка былога кіраўніка СК) на вуліцы побач з іншымі высокапастаўленымі чыноўнікамі не змянялася як мінімум да сярэдзіны 2021 года. Хто цяпер валодае гэтай нерухомасцю, невядома.