На Данбасе знішчаны важныя элементы расійскай СПА
- 2.12.2025, 11:59
Украінская разведка паказала відэа.
Украінскія вайсковыя разведчыкі паразілі важныя элементы расійскай сістэмы супрацьпаветранай абароны на Данбасе. Відэа апублікавана ў сеціве.
Пра гэта паведамляе прэс-служба Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны.
Як паведамілі ў ведамстве, 29 лістапада 2025 года дроны воінаў Дэпартамента актыўных дзеянняў ГУР Мінабароны Украіны чарговы раз атакавалі радары і пускавыя ўстаноўкі зенітна-ракетных комплексаў акупантаў на ўкраінскім Данбасе.
Што ўдалося паразіць
Толькі за адну ноч пад гарачую руку разведчыкаў трапілі:
- пускавая ўстаноўка 9А83 са складу ЗРК «С-300В», якая знаходзілася на баявым дзяжурстве;
- адразу дзве дарагавартасныя радыёлакацыйныя станцыі 1Л125 «Ніобій-СВ».
«Такія ўдары істотна змяншаюць магчымасці маскавітаў кантраляваць паветраную прастору над Данбасам і ствараюць умовы для новых паветраных аперацый Сіл абароны Украіны. Узброеная барацьба працягваецца», — адзначылі ў ГУР.
«Ніобій-СВ»
Гэта расійская мабільная радыёлакацыйная станцыя метравага дыяпазону, створаная для выяўлення, ідэнтыфікацыі і суправаджэння аэрадынамічных і балістычных мэтаў, а таксама вызначэння крыніц радыёэлектронных перашкод.
Трохкаардынатная РЛС, прынятая на ўзбраенне расійскай СПА ў 2016 годзе, здольная працаваць доўгі час і разгортваецца прыкладна за 15 хвілін.
Яна можа выяўляць малазаметныя паветраныя аб’екты на адлегласці да 230 км на вышыні 10 000 метраў і да 53 км на вышыні 500 метраў.
Станцыя з’яўляецца далейшым развіццём расійскага сямейства РЛС «Неба».