BE RU EN

Лінгвісты з Оксфардскага ўніверсітэта абралі слова мінага года

  • 2.12.2025, 11:52

У яго было два супернікі.

Ці сталі вы больш раздражлівымі ў гэтым годзе? Калі не, то, магчыма, вам удаецца пазбягаць эмацыйна цяжкага кантэнту. У 2025 годзе трыгернага кантэнту стала столькі, што навукоўцы з Оксфардскага ўніверсітэта назвалі словам года rage bait («рэйджбейт», або «разжыгальнік гневу», даслоўна — «прынада для гневу»), піша «Нож».

Паводле слоў брытанскіх лінгвістаў, «рэйджбейт» — гэта анлайн-кантэнт, створаны, каб выклікаць гнеў або абурэнне: матэрыял раздражняе, правакуе або абражае. Звычайна рэйджбейт публікуюць з мэтай павялічыць наведвальнасць пэўнай вэб-старонкі або ўцягнутасць у кантэнт сацсетак.

У rage bait было два словы-канкурэнты: aura farming («аўра-фармінг») і biohack («біяхак»). Аўра-фармінг — гэта працэс паляпшэння сваёй эмацыйнай устойлівасці, «пракачка» аўры. Біяхак — аптымізацыя фізічнага і псіхічнага здароўя, а таксама падаўжэнне жыцця дзякуючы засваенню ведаў у галіне навукі і новых тэхналогій.

Складальнікі Оксфардскага слоўніка правялі апытанне больш як 30 тыс. экспертаў, прааналізавалі лексічныя даныя і настроі ў каментарыях да публікацый. Дык чаму ў «бітве» перамог менавіта рэйджбейт?

Навукоўцы лічаць, што ў 2025 годзе ў медыя пераважалі тэмы сацыяльных хваляванняў, дэбатаў пра рэгуляванне анлайн-кантэнту і непакою наконт лічбавага дабрабыту. Таксама, паводле іхніх даных, за 12 месяцаў ужыванне гэтага слова вырасла ўтрая.

«Там, дзе мінулагодні выбар — брэйнрот (brain rot) — прыводзіў да разумовага знясілення праз бясконцую пракрутку, папулярнасць слова «рэйджбейт» пралівае святло на кантэнт, спецыяльна створаны для таго, каб выклікаць абурэнне і прыцягваць клікі, — сцвярджае Каспер Гратволь, прэзідэнт Oxford Languages. — Разам яны ўтвараюць магутны цыкл, у якім абурэнне нараджае ўцягнутасць, алгарытмы яе ўзмацняюць, а пастаяннае ўздзеянне вядзе да разумовага знясілення. Гэтыя словы не проста апісваюць тэндэнцыі — яны паказваюць, як лічбавыя платформы змяняюць наша мысленне і паводзіны».

Апошнія навіны