Пуцін знізіў падаткі для «Газпрама» і «Раснафты»
- 2.12.2025, 2:26
Дзве буйнейшыя здабыўныя дзяржаўныя кампаніі РФ нясуць страты.
Дыктатар Расіі Уладзімір Пуцін падпісаў закон, які прадугледжвае зніжэнне падатковай нагрузкі на «Газпрам» і «Раснафту» — дзве буйнейшыя здабыўныя дзяржаўныя кампаніі, паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на дакументы, апублікаваныя на партале прававой інфармацыі.
«Раснафта» атрымала дадатковы падатковы вылік па падатку на здабычу карысных выкапняў для Прыобскага радовішча — аднаго з буйнейшых у Расіі з запасамі ў 2,4 млрд тон. Дадатковая льгота «Раснафты» складзе 9,99 млрд рублёў у год і будзе дзейнічаць у 2026–30 гг., выплывае з закона.
«Газпрам» атрымае вылік па НПДІ на 64 млрд рублёў для сваіх структур, што здабываюць газ на Ямале. Паслабленні будуць дзейнічаць з лістапада 2026 года па жнівень 2028-га. А заплацяць за іх незалежныя вытворцы газу: для іх падатковая нагрузка ўзрасце за кошт адабрання дадатковых даходаў ад індэксацыі цэн на газ.
Падатковыя паслабленні востра патрэбныя «Газпраму», які другі год запар нясе страты ў ключавым, газавым бізнесе. У мінулым годзе яны склалі 1,02 трлн рублёў, а сёлета — яшчэ 170 млрд рублёў за студзень–верасень.
«Раснафта» завяршыла мінулы год з чыстым прыбыткам у трыльён рублёў, аднак у бягучым годзе сутыкнулася з рэзкім падзеннем фінансавых вынікаў. Прыбытак кампаніі за 9 месяцаў скараціўся на 70%, а ў трэцім квартале — на 80%.
Паўплывала «пагаршэнне макракан’юнктуры», зніжэнне цэн на нафту, а таксама рост тарыфаў у Расіі, высокая ключавая стаўка ЦБ і моцны курс рубля, — заявіў, каментуючы сітуацыю, кіраўнік «Раснафты» Ігар Сечын.