У Расіі падаражэе гарэлка
- 19.12.2025, 23:08
З 1 студзеня.
Міністэрства фінансаў Расіі зацвердзіла мінімальныя рознічныя цэны (МРЦ) на алкаголь крэпасцю вышэй за 28% з 1 студзеня 2026 года, у прыватнасці кошт 0,5 літра гарэлкі складзе 409 расійскіх рублёў. Загад ведамства размешчаны на афіцыйным партале прававой інфармацыі.
У дакуменце гаворыцца, што мінімальны кошт 0,5 літра брэндзі і іншай алкагольнай прадукцыі, вырабленай з вінных, вінаградных, пладовых, каньячных, кальвадосных, вісковых, ромавых дыстылятаў з вытрымкай не менш за тры гады, складзе 605 рублёў. Пры гэтым каньяк і віскі, вырабленыя з дыстылятаў з вытрымкай не менш за тры гады, абыдуцца пакупнікам як мінімум у 755 расійскіх рублёў.
У 2025 годзе мінімальная рознічная цана гарэлкі складала 349 рас. рублёў, брэндзі — 472 рас. рублі, а каньяку — 651 рас. рубель.
Акрамя таго, з іншага загаду Мінфіна РФ вынікае, што з 2026 года будзе ўстаноўлена мінімальная закупачная цана на этылавы спірт у памеры 84 рублёў за 1 літр.
Абодва дакументы ўступяць у сілу з 1 студзеня 2026 года, але не раней чым праз 10 дзён з дня іх афіцыйнага апублікавання. Іх дзеянне працягнецца да 31 снежня 2031 года ўключна.