Бабарыка і Калеснікава заклікалі кіраўніка МЗС Германіі знізіць «ізаляцыю беларускага грамадства»
- 19.12.2025, 21:36
Ёган Вадэфуль прыняў былых палітзняволеных у Берліне.
Кіраўнік МЗС Германіі Ёган Вадэфуль сустрэўся з былымі палітзняволенымі Віктарам Бабарыкам і Марыяй Калеснікавай у Берліне. Яны заклікалі Ёгана Вадэфуля знізіць «ізаляцыю беларускага грамадства і аднаўляць сувязі з знешнім светам».
— Вашае вызваленне пасля шматгадовай палітычнай ізаляцыі надае надзею. Ваша мужная адданасць свабодзе і дэмакратыі ў Беларусі натхняе многіх у Беларусі і далёка па-за яе межамі. Яна натхняе і мяне асабіста, — адзначаецца ў афіцыйным акаўнце нямецкага міністра ў X.
Падчас сустрэчы Бабарыка і Калеснікава выказалі падзяку ЗША за намаганні па вызваленні палітвязняў і выказалі надзею, што Еўропа больш актыўна ўключыцца ў гэты працэс.
«Наша каманда таксама падкрэсліла неабходнасць зніжаць ізаляцыю беларускага грамадства і аднаўляць сувязі з знешнім светам», — паведамілі ў тэлеграм-канале Віктара Бабарыкі.
Да вечара 19 снежня інфармацыя пра сустрэчу з Бабарыкам і Калеснікавай з уліковага запісу кіраўніка МЗС Германіі ў сацыяльнай сетцы X знікла. Праз некаторы час Ёган Вадэфуль напісаў новы пост, прыбраўшы чырвона-зялёны сцяжок.
Зазначым, у Беларусі не спыняюцца затрыманні і вобшукі, адміністрацыйныя і крымінальныя суды, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітзняволеных, а незалежныя медыяпрадукты прызнаюць «экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі».