Новы міністр абароны Чэхіі падаўжыў праграму закупу боепрыпасаў для Украіны
- 19.12.2025, 20:08
«Чэшскай ініцыятыве» — быць.
Новы міністр абароны Чэхіі Ярамір Зуна заявіў, што праграма «Чэшская ініцыятыва» па закупе боепрыпасаў для Украіны будзе дзейнічаць і ў 2026 годзе.
Пра гэта паведамляе Novinky.
Ён расказаў, што для арміі Чэхіі галоўнымі пытаннямі застаюцца супрацьпаветраная абарона і выкананне абавязацельстваў у межах НАТА. Зуна таксама адзначыў працяг «Чэшскай ініцыятывы» для Украіны.
«Я гэтага не адмаўляю, але нам трэба гаварыць пра эфектыўнае кіраванне», — адзначыў ён.
Паводле яго слоў, падтрымка Украіны «сама сабой разумеецца».
«Расія з'яўляецца агрэсарам, на Украіну напалі, і ад нас залежыць, як мы будзем далей яе падтрымліваць», — падкрэсліў ён.
У той жа час чэшскі міністр пахваліў новага прэм'ер-міністра Андрэя Бабіша за дамоўленасць аб выключэнні, што дазволіць краіне не ўдзельнічаць у фінансавым пакеце ЕС для Украіны на 90 млрд еўра.
«У бліжэйшы час мне трэба ўмацаваць цывільнае кіраванне, абароннае планаванне і выкананне саюзніцкіх абавязацельстваў. Пры неабходнасці мы павінны перагледзець прыярытэты абароны і арміі. Прыярытэт — супрацьпаветраная абарона», — адзначыў Зуна.