У Мінску цэлую вуліцу накрыла «антрапагенным» снегам
- 19.12.2025, 18:46
Фотафакт.
Пакуль большая частка Мінска, як і ўсёй Беларусі, патанае ў густым тумане, асобныя вуліцы раптам накрыла пялёнай снегу.
У прагнозах сіноптыкаў нічога падобнага не было і, як высветлілася, невыпадкова. Снег, паводле слоў спецыялістаў, аказаўся «штучным», а дакладней — антрапагенным.
Яго крыніцай сталі ядры кандэнсату — мікраскапічныя часцінкі ў атмасферы (гэта можа быць пыл, соль, сажа, бактэрыі), якія ўзнікаюць, як правіла, над прамысловымі раёнамі буйных гарадоў, і вакол якіх кандэнсуецца вадзяная пара, у выніку ператвараючыся ў драбнюсенькія кропелькі або сняжынкі.
«Гэты працэс робіць нашу слоістую воблачнасць калоідна-неўстойлівай і прыводзіць да выпадзення дробнадзісперснага невялікага снегу», — патлумачылі сутнасць гэтага прыроднага працэсу аўтары тэматычнага Telegram-канала пра надвор'е «Метеовайб».
У выніку такім «штучным снежачком» 19 снежня накрыла спачатку вуліцу Кісялёва, а затым — вуліцу Аэрадромную. Пры гэтым там «антрапагенны» снег у раёне бліжэйшай цеплавой станцыі аказаўся настолькі інтэнсіўным, што спецыялісты нават назвалі яго «лакальным снегападам», а мясцовыя жыхары падзяліліся кадрамі, якім пазайздросцяць многія беларусы, што засумавалі па снезе.
Дарэчы, сіноптыкі паабяцалі хуткія снегавыя змены ўсім беларусам. Праўда, давядзецца перажыць яшчэ як мінімум пару туманных і шэрых дзён. Між тым спецыялісты ўжо выказалі асцярожны пераднавагодні аптымізм наконт магчымога снегу і на Раство, і на Новы год.