Зяленскі назваў рашэнне ЕС адносна Украіны важнай перамогай
- 19.12.2025, 18:56
Расіянам даслалі рэзкі сігнал.
Рашэнне Еўрапейскага Саюза выдзяліць Украіне 90 мільярдаў еўра фінансавай дапамогі — гэта пазітыўны сігнал для грамадства і рэзкі сігнал расіянам.
Пра гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Польшчы Каролем Навроцкім.
— Гэта важная перамога, — сказаў Зяленскі.
Ён падкрэсліў, што без гэтай фінансавай падтрымкі Украіне было б значна складаней захоўваць устойлівасць у вайне.
— Тое, што еўрапейскія лідары знайшлі такі фармат, — для нас гэта ўзмацненне. Гэта сігнал РФ, што няма сэнсу ваяваць: нас падтрымліваюць фінансава, і мы не будзем сыпацца на фронце, — заявіў кіраўнік украінскай дзяржавы.
Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што хоць вайна сама па сабе не мае станоўчых вынікаў, цяперашняе рашэнне ЕС з’яўляецца важным знакам як для ўкраінскага грамадства, так і для праціўніка.
— На сёння гэта пазітыўны сігнал для грамадства і рэзкі сігнал ворагу, — дадаў ён.