BE RU EN

Лукашэнка зноў паставіў мігрантаў у прыклад беларусам

  • 19.12.2025, 9:58

Дыктатар паскардзіўся, што «беларусы не хочуць працаваць».

Беларусі патрэбныя працоўныя мігранты, заявіў Аляксандр Лукашэнка 18 снежня на пасяджэнні «Усебеларускага народнага сходу».

Дыктатар падкрэсліў, што яму «не хацелася б нікога сюды запрашаць», але краіна мае патрэбу ў працоўных рэсурсах.

— Іванову, Пятрову, Сідараву ў сельскай гаспадарцы або ў прамысловасці трэба 12 чалавек. Адкуль да нас хочуць прыехаць — з постсавецкіх рэспублік. Гэта нашы людзі. Там на месцы, у тым жа Узбекістане, у нас ёсць пасольства. Пасол павінен спіс з 12 чалавек або 20, або 40 зацвердзіць, праверыць і накіраваць нам, — агучыў механізм Лукашэнка.

— Яны прыехалі працаваць — хай працуюць. Але галоўнае (мая стратэгія, тое, што я для ўсіх вызначыў) — да іх трэба ставіцца, як да беларусаў, як да сваіх людзей. Для іх тое, што яны могуць прыйсці зуб вылечыць або іх бясплатна прымуць у бальніцы, — гэта навіна. Мы вітаем, каб сем'і прыязджалі, а дзеці ў школу хадзілі разам з нашымі і атрымлівалі адукацыю, зусім бясплатную, — яны з розуму сходзяць [ад нечаканасці], — заявіў Лукашэнка.

Дыктатар заявіў, што «мігранты працуюць у Беларусі як трэба, і часта гэта добры прыклад для многіх беларусаў, якія не хочуць працаваць, нягледзячы на створаныя ўмовы», — піша прэс-служба. На думку Лукашэнкі, прыцягненне ў краіну працоўных рэсурсаў у тым ліку дапамагае падтрымліваць жыццё невялікіх населеных пунктаў і вёсак, бо працоўныя месцы запаўняюцца ў першую чаргу менавіта там.

«Вось мая стратэгія, а не ў тым, што я хачу запоўніць Беларусь пакістанцамі», — падсумаваў дыктатар.

Апошнія навіны