Школьніца з Пухавіч сфатаграфавала банкаўскую картку бабулі і патраціла больш за 13 тысяч рублёў
- 19.12.2025, 1:07
Найбольш грошай сышло на маркетплэйс.
У Пухавічах 15-гадовая школьніца сфатаграфавала банкаўскую картку сваёй бабулі і пачала траціць грошы. За некалькі месяцаў яна здолела спустошыць рахунак больш чым на 13 тысяч рублёў. Пра гэта паведаміў неафіцыйны тэлеграм-канал МУС, заўважыла «Зеркало».
Школьніца сфатаграфавала банкаўскую картку сваёй 65-гадовай бабулі і траціла яе грошы на прадукты, упрыгожванні, цацкі, аплачвала прэміум-падпіскі ў мэсэнджары, а большую частку спусціла на пакупкі ў маркетплэйсе Wildberries.
За некалькі месяцаў яна змагла патраціць больш за 13 тысяч рублёў з карткі пенсіянеркі.
Дзяўчынка стала фігуранткай крымінальнай справы за крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп'ютарнай інфармацыі (арт. 212 КК). Ёй пагражае пакаранне ад штрафу да абмежавання волі, але суд можа вынесці абвінаваўчы прысуд і прымяніць толькі «прымусовыя меры выхаваўчага характару».