Эксперт: У пэўны момант можа з’явіцца «новы Прыгожын»
- 18.12.2025, 15:21
Крызіс ужо дабраўся да арміі РФ, у акупантаў вялікія праблемы.
Стан Украіны з-за вайны складаны, але і ў Расіі «праблемы не меншыя, а то і большыя», лічыць выканаўчы дырэктар Украінскага цэнтра бяспекі і супрацоўніцтва Дзмітрый Жмайло. Пра гэта ён сказаў у інтэрв’ю Украінскаму радыё.
«Мы кажам, што мы ў вельмі складаным становішчы. У нас вельмі шмат праблем — у арміі СЗЧ, праблемы з мабілізацыяй. Ваяры крычаць пра гэтыя праблемы. Але калі амерыканцы так уключыліся ў выратаванне Расіі, то гэта азначае, што ў Расіі праблемы не меншыя, а то і большыя», — выказаўся эксперт.
Паводле яго слоў, амерыканцы баяцца, што «ў пэўны момант можа з’явіцца ўмоўны Прыгожын (Яўген Прыгожын — былы кіраўнік ПВК «Вагнер», які здзейсніў у РФ спробу перавароту, — рэд.) і на тэрыторыі РФ пачнецца хаос, і фронт абваліцца».
Каментуючы ўкраінскія ўдары па танкерах «ценевага флоту», Жмайло адзначыў, што ўжо «бачым неадназначную рэакцыю нашых партнёраў».
«Мы пачалі біць і паразілі 4 танкеры «ценевага флоту» РФ. Ужо бачым неадназначную рэакцыю нашых партнёраў на гэтыя ўдары, бо фармальна яны ходзяць пад сцягамі афрыканскіх краін — Сьера-Леонэ, Гамбіі, іншых. Вельмі часта, дарэчы, мяняюць і сцягі, і назвы гэтых суднаў», — адзначыў эксперт.
На ягоную думку, тут дарэчныя словы Голды Меір, «якая казала, што нашы заходнія партнёры могуць дараваць нам усё, адзінае, чаго яны не змогуць нам дараваць, — гэта нашу слабасць».
«Таму ў гэтай сітуацыі мы, як загнаны звер у кут, проста спрабуем кусаць», — дадаў Жмайло.
Ён адзначыў, што ўкраінскія атакі прывялі да таго, што 20% расійскага нафтагазавага сектара абвалілася.
«Па стане на верасень гэтага года прастойвала каля 40% магутнасцяў якраз з-за парушэння ланцужкоў паставак. Ці не ўпершыню ў гісторыі РФ давялося імпартаваць светлыя нафтапрадукты, у прыватнасці бензін і дызель, бо пачаліся перабоі. Таму ў асобных аддаленых рэгіёнах РФ назіраюцца пэўныя крызісы», — сцвярджае аналітык.
Паводле яго слоў, закрыліся каля 360 прыватных аўтазаправачных станцый, бо ў іх парушыліся кантракты, паколькі асноўныя рэзервы светлых нафтапрадуктаў пайшлі менавіта на дзяржаўныя АЗК:
«Паступова гэты крызіс дабіраецца і да расійскай арміі. Але на фронце ён пакуль не адлюстроўваецца, бо расіяне цяпер выкарыстоўваюць выключна пяхотныя штурмы».
Падсумоўваючы, ён дадаў, што Украіна будзе працягваць удары, бо яны эфектыўныя. У гэтым сэнсе дапамагаюць і санкцыі амерыканцаў.
«Але для гэтага патрэбныя больш рашучыя дзеянні — мы спрабуем нарошчваць вытворчасць. Мы ўжо здольныя на масіраваныя паветраныя атакі, але тэрыторыя вялікая, аб’ектаў шмат, і сказаць, што настаў поўны калапс, нельга. На жаль, нашым хлопцам і дзяўчатам яшчэ давядзецца вельмі добра і доўга папрацаваць па расійскай тэрыторыі», — падкрэсліў эксперт.