Туск заклікаў ЕС неадкладна прыняць рашэнне аб фінансаванні Украіны
- 18.12.2025, 15:01
«Або грошы сёння, або кроў заўтра».
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск заклікаў лідэраў ЕС неадкладна прыняць рашэнне аб фінансавай падтрымцы Украіны, папярэдзіўшы, што маруджанне будзе мець небяспечныя наступствы для ўсёй Еўропы.
Пра гэта ён сказаў 18 снежня, прыбыўшы ў Брусель, піша «Інтэрфакс-Украіна».
Каментуючы пачатак саміту ЕС, ён падкрэсліў, што еўрапейскія лідары павінны неадкладна вызначыцца адносна фінансавання Украіны.
«Зараз у нас просты выбар: або грошы сёння, або кроў заўтра, і я кажу не толькі пра Украіну, я кажу пра Еўропу, і гэта наша рашэнне, і толькі наша», — падкрэсліў Туск.
Па яго словах, адказнасць за гэта рашэнне цалкам ляжыць на лідэрах ЕС.
Еўрапейскія лідары 18 снежня абмяркоўваюць, як фінансаваць Украіну ў 2026—2027 гадах, каб краіна магла працягваць абарону супраць Расіі. Reuters піша, што без гэтай падтрымкі ў Украіны скончацца грошы ўжо ў другім квартале 2026 года, і яна рызыкуе прайграць вайну.