Улады расійскай Цюмені адмовіліся ад аўтобусаў МАЗ
- 18.12.2025, 11:25
Маўляў, яны не адпавядаюць кліматычным умовам.
Мінскі аўтамабільны завод не задавальняе некаторых кліентаў у Расіі і ў дачыненні да сваіх электробусаў.
Кліматычныя ўмовы ў Цюмені «усё ж не дазваляюць забяспечваць працяглую працу» сучасных электробусаў на маршрутах, распавёў мэр гэтага сібірскага горада Максім Афанасьеў.
Па словах кіраўніка горада, улады ў межах эксперыменту набылі адзін электробус (у 2017 годзе, расійскай вытворчасці) і паставілі яго на маршрут, піша «Коммерсантъ». Але яго давялося зняць з маршруту з-за мясцовага клімату.
Мэр адзначыў, што ў адміністрацыі разглядалі «вельмі якасную лінейку» электробусаў Мінскага аўтамабільнага завода. Аднак ён далікатна падкрэсліў, што «пагодныя ўмовы, у якіх яны эксплуатуюцца ў Беларусі», адрозніваюцца ад цюменскіх.
Заўважым, аўтобусы МАЗ масава гарэлі ў Расіі. Пасля гэтага мясцовыя ўлады пачалі ад іх адмаўляцца.