ЗША ўхвалілі найбуйнейшую ў гісторыі ваенную дапамогу Тайваню
- 18.12.2025, 10:18
У пакет увайшлі HIMARS, Javelin і не толькі.
ЗША зацвердзілі найбуйнейшы ў гісторыі пакет ваеннай дапамогі для Тайваня. Яго сума складзе 11,1 мільярда долараў, а само рашэнне лічыцца самым маштабным за ўсю гісторыю амерыкана-тайваньскіх адносін.
Пра гэта паведамляе Reuters.
Гэта ўжо другі пакет паставак узбраення Тайваню, прыняты ад часу прыходу да ўлады ў Вашынгтоне прэзідэнта Дональда Трампа. Узбраенне прадастаўляецца востраву на тле ўзмацнення ваеннага і дыпламатычнага ціску з боку Кітая. У межах пакета Тайваню перададуць шэраг відаў узбраення, у прыватнасці:
рэактыўныя сістэмы залпавага агню HIMARS;
артылерыю;
супрацьтанкавыя ракеты Javelin;
найноўшыя беспілотнікі Altius;
снараджэнне, боепрыпасы і запасныя часткі для іншай ваеннай тэхнікі.
Пагадненне яшчэ павінна прайсці этап ухвалення з боку Кангрэсу ЗША. Пентагон ужо заявіў, што пастаўкі адпавядаюць «нацыянальным, эканамічным інтарэсам і інтарэсам бяспекі Злучаных Штатаў».
Мадэрнізацыя абароны
Для Тайваня пастаўкі будуць мець вырашальнае значэнне — каб падтрымліваць абарончы патэнцыял вострава. Абарона Тайваня грунтуецца на асіметрычнай мадэлі вайны — выкарыстанні мабільных, недарагіх і эфектыўных сістэм паражэння.
«Злучаныя Штаты працягваюць дапамагаць Тайваню ў падтрыманні дастатковых магчымасцяў самаабароны, хуткім нарошчванні магутнай сілы стрымлівання і выкарыстанні пераваг асіметрычнай вайны, што фармуе аснову для падтрымання рэгіянальнага міру і стабільнасці», — афіцыйна паведаміла Міністэрства абароны Тайваня.
Пры гэтым прадастаўленне ваеннай дапамогі ЗША застаецца адным з самых вялікіх фактараў напружанасці паміж Вашынгтонам і Пекінам. Кітай прэтэндуе на Тайвань, тады як задача ЗША — не даць кітайцам акупаваць востраў, бо Вашынгтон мае перад Тайбэем абавязацельствы, хаця і афіцыйна не прызнае Тайвань.