Трэшчыны ў дзіцячым садку і пашкоджаныя аўтамабілі: новыя падрабязнасці выбуху ў Гомелі
- 18.12.2025, 10:13
З'явіліся першыя ацэнкі маштабу наступстваў.
Прадстаўнікі Гомельскага гарвыканкама ўвечары 17 снежня далі папярэднюю ацэнку наступстваў выбуху ў шматпавярхоўцы на вуліцы Косарава. Высветлілася, што ад выбуховай хвалі пацярпеў бліжэйшы дзіцячы садок, яшчэ адзін жылы дом насупраць і некалькі аўтамабіляў, прыпаркаваных у двары, піша «Тэлеграф».
У самой пацярпелай 10-павярхоўцы абрынулася некалькі перакрыццяў у адным з пад'ездаў 10-павярховага дома. Пасля таго як выратавальнікі завершаць разбор завалаў і ўмацуюць пашкоджаныя выбухам канструкцыі дома, будынак абследуюць спецыялісты — яны павінны будуць ацаніць, ці бяспечна далей пражываць у гэтым доме.
«Запрошаны таксама спецыялізаваныя арганізацыі. Домабудаўнікі плюс спецыялізаваны інстытут, якія правядуць абследаванне і дадуць рэкамендацыі наконт далейшага лёсу дадзенага дома», — патлумачыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Андрэй Бараноўскі.
У астатніх двух пад'ездах да вечара аднавілі ацяпленне і каналізацыю, каб жыхары не пацярпелых кватэр змаглі нармальна вярнуцца дадому. Эвакуяваць і расяліць пакуль вырашылі толькі жыхароў аднаго пацярпелага пад'езда — 14 чалавек рассялілі па гасцініцах, трох пажылых людзей накіравалі ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі і абласны кардыяцэнтр, дзе іх пакуль падлечаць.
Камісія па НС у Гомелі плануе працаваць да таго часу, пакуль дом «не вернецца да функцыянавання ў штатным рэжыме», паведамілі гарадскія ўлады.
Аднак высветлілася, што гэты дом — не адзіны пацярпелы ў выніку ўчарашняга НЗ. Паводле слоў кіраўніка гарадской адміністрацыі Гомеля Уладзіміра Прывалава, ад ударнай хвалі таксама пацярпеў дзіцячы сад №160. Абследаванне паказала, што разбурэнняў там няма — разбіта шкло, выяўленыя невялікія трэшчыны. Паводле слоў Прывалава, з гэтымі наступствамі спецыялісты разбяруцца за адзін дзень.
У сваю чаргу дырэктар прадстаўніцтва «Белдзяржстраху» па Гомелі Лілія Жылінская паведаміла, што ад выбуховай хвалі таксама пацярпелі некалькі кватэр у доме насупраць, ёсць некалькі заяў ад уладальнікаў аўтамабіляў, чые машыны атрымалі пашкоджанні на стаянцы. Тым, у каго жыллё і аўто застрахаваныя ад няшчасных выпадкаў, будуць выплачаныя матэрыяльныя кампенсацыі. Астатнім Жылінская параіла звяртацца ў адміністрацыю Савецкага раёна Гомеля — іх выпадкі гарадскія ўлады будуць разглядаць у індывідуальным парадку.
Нагадаем, папярэдне прычынай НЗ у гомельскай шматпавярхоўцы стаў выбух «газапаветранай сумесі».