Каля 20 вызваленых беларускіх палітвязняў дэпартавалі з краіны без пашпартоў
- 18.12.2025, 6:01
Ім выдалі даведкі.
13 снежня з месцаў пазбаўлення волі ў Беларусі былі вызваленыя 123 палітычныя зняволеныя, 114 з якіх пасля гэтага былі прымусова перамешчаныя на тэрыторыю Украіны. Як стала вядома «Вясне», за мяжу без пашпартоў былі вывезеныя каля 20 чалавек.
Сярод тых, у каго забралі пашпарты, — вядомыя і медыйныя асобы, а таксама ўключаныя ў «спіс тэрарыстаў». З беларускага боку гэта ніяк не тлумачылася. Замест пашпартоў палітвязням выдалі даведкі, якія пацвярджаюць асобу.
На гэта падчас першай прэс-канферэнцыі звяртаў увагу праваабаронца «Вясны» Улад Лабковіч:
«Адбылася пэўная селекцыя. Чым думалі супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў, якія арганізоўвалі гэтую спецаперацыю, я не ведаю».
Такім чынам, у выніку людзі апынуліся ў іншай краіне без дакументаў, грошай і асабістых рэчаў, у стане прававой няпэўнасці.
Гэта, аднак, ужо не першы раз, калі лукашысты такое практыкуюць. Падчас папярэдняга масавага вызвалення палітвязняў 11 верасня 2025 года частка з іх таксама апынулася па-за межамі Беларусі без пашпартоў, хаця нават у беларускім МУС казалі, што паводле закону гэта немагчыма.