BE RU EN

У Еўрапарламенце заклікаюць узмацніць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

  • 17.12.2025, 20:40

За гібрыдныя атакі супраць Літвы.

Мэта гібрыдных атак Беларусі супраць Літвы — падарваць бяспеку ўсяго Еўрапейскага саюза і пасеяць страх сярод яго дзяржаў-членаў, таму Брусэль павінен неадкладна ўвесці дадатковыя санкцыі супраць беларускага рэжыму. Пра гэта казалі ўдзельнікі дэбатаў, што адбыліся ў Еўрапарламенце 16 снежня, перадае DW.

«Гэтыя атакі маюць выразную мэту: прынізіць ЕС, НАТА, літоўскую дзяржаву, пасеяць сумневы і ўзмацніць пачуццё неабароненасці. Гэтыя атакі — выпрабаванне нашага адзінства. І наш адказ павінен быць цвёрдым: санкцыі, якія павінны станавіцца яшчэ больш жорсткімі», — заявіў літоўскі дэпутат ад групы «зялёных» Віргініюс Сінкявічус.

Паводле інфармацыі еўракамісара ўнутраных спраў і міграцыі Магнуса Бруннера, які ўзяў удзел у дэбатах, толькі сёлета літоўскія ўлады зафіксавалі ў сваёй паветранай прасторы каля 600 метэазондаў і 200 дронаў, што прыйшлі з Беларусі. Бруннер заявіў, што гэтыя наўмысныя атакі «з'яўляюцца толькі часткай больш шырокай гібрыднай кампаніі беларускага рэжыму супраць Літвы і павінны неадкладна спыніцца».

Ён нагадаў, што на гэтым тыдні Савет ЕС зацвердзіў новыя крытэрыі для ўвядзення санкцый супраць фізічных асоб і прадпрыемстваў Беларусі, датычных да гібрыдных атак. Акрамя санкцый, Еўракамісія таксама выдзеліла 150 мільёнаў еўра на набыццё беспілотнікаў для паветранага назірання на знешніх межах ЕС, а таксама рыхтуецца прадаставіць дадатковыя 250 млн еўра на набыццё беспілотнікаў і сродкаў супрацьдзеяння ім для памежнага кантролю.

Літоўскі еўрадэпутат ад групы лібералаў Пятрас Ауштравічус вырашыў наглядна прадэманстраваць калегам, як выглядаюць метэазонды, што атакуюць Літву з Беларусі. «Вось як ён выглядае, калі не напоўнены паветрам, — сказаў Ауштравічус, паказваючы з трыбуны невялікі пакет. — Ён зроблены ў Кітаі і вельмі небяспечны для ўсіх нас». Еўрадэпутат паведаміў, што за апошнія два месяцы вільнюскі аэрапорт прыпыняў сваю працу з-за наплыву метэазондаў з Беларусі 19 разоў, у сярэднім ад чатырох да шасці гадзін, што «стварае пагрозу для грамадзянскай авіяцыі, крытычнай інфраструктуры і жыцця людзей».

Чэшскі еўрадэпутат ад Еўрапейскай народнай партыі Андржэй Коларж упэўнены: адной з галоўных прычын атак на Літву з'яўляецца тое, што гэтая краіна прытуліла ў сябе вялікую колькасць палітычных уцекачоў ад рэжыму Лукашэнкі. Паводле яго слоў, гэтыя атакі добра спланаваныя і скаардынаваныя і ўключаюць «выкарыстанне мігрантаў, кампаніі па дэзінфармацыі, кібератакі, дыверсіі, інцыдэнты з беспілотнікамі і шмат іншага, каб дэстабілізаваць наша грамадства і праверыць адзінства Еўропы».

Еўрадэпутаты віталі вызваленне ўладамі Беларусі больш як ста палітычных зняволеных, але пры гэтым падкрэслілі, што яшчэ тысячы вязняў рэжыму застаюцца ў турмах. Літоўская еўрадэпутатка ад Еўрапейскай народнай партыі Раса Юкнявічэне крытычна ацаніла рашэнне ЗША аслабіць санкцыі ў дачыненні да Мінска ў абмен на вызваленне групы палітычных зняволеных. «Я не веру ў дамоўленасці з дыктатарам, таргоўля зняволенымі — гэта бізнэс для Лукашэнкі», — папярэдзіла Юкнявічэне.

Яе падтрымаў дэпутат ад групы лібералаў Дайнюс Жалімас, які заклікаў «не ісці за дыпламатыяй Трампа, што ахвяруе доўгатэрміновымі мэтамі дзеля кароткатэрміновых, зваротных уступак». Любы перагляд санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі павінен залежаць ад выканання канкрэтных умоў, упэўнены палітык. «Толькі ўстойлівыя змены, уключаючы павагу да правоў чалавека і спыненне падтрымкі вайны Расіі супраць Украіны, могуць апраўдаць перагляд санкцый», — заявіў палітык.

Польскі еўрадэпутат-ліберал Міхал Кобоска абурыўся тым, што «зусім нядаўна Лукашэнка заяўляў, што нічога не ведае пра метэазонды». «А цяпер мы бачым, як ён вядзе перамовы з адміністрацыяй ЗША і дае абяцанні, што паветраная прастора больш не будзе парушацца». Кобоска таксама папярэдзіў пра небяспечную тэндэнцыю ў міжнароднай палітыцы, калі «бяспека еўрапейскіх краін выкарыстоўваецца як разменная манета, а перамовы вядуцца над нашымі галовамі, без нашай згоды».

Салідарнасць і падтрымку Літве ад імя Эстоніі выказала членкіня групы сацыялістаў, якая прадстаўляе гэтую краіну, Марына Кальюранд. Пры гэтым яна падкрэсліла, што гібрыднымі атакамі Беларусі супраць краін ЕС кіруе Масква. «Расія і Беларусь — два бакі адной манеты. Акрамя гібрыдных атак, якія ідуць з Беларусі, мы бачылі расійскія знішчальнікі ў паветранай прасторы Эстоніі, дзясяткі беспілотнікаў у Польшчы і Румыніі, выкарыстанне мігрантаў на фінскай мяжы, дыверсіі ў Балтыйскім моры», — пералічыла еўрадэпутатка.

Яна заклікала ЕС уключыць прыярытэты забеспячэння бяспекі ўсходніх межаў у наступны доўгатэрміновы бюджэтны план Еўрапейскага саюза (MFF).

Прадстаўнікі ультраправых палітычных груп Еўрапарламента ў дэбатах не ўдзельнічалі. Галасаванне па рэзалюцыі «Працяглыя беларускія гібрыдныя атакі супраць Літвы» адбудзецца ў чацвер, 18 снежня.

Апошнія навіны