Украінскія дэпутаты запатрабавалі адстараніць футбольныя клубы Беларусі ад УЕФА
- 17.12.2025, 18:50
І абмежаваць ўезд беларускіх спартсменаў.
Вярхоўная Рада звярнулася да кіраўнікоў дзяржаў, парламентаў, урадаў дэмакратычных краін Еўропы і да Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) з заклікам забараніць удзел зборных і клубаў Беларусі ў міжнародных турнірах, што праводзяцца пад эгідай УЕФА.
Адпаведную пастанову на галасаванні, што адбылося 17 снежня, падтрымаў 271 народны дэпутат, піша «Інтэрфакс-Украіна».
Рада прапанавала УЕФА прыняць рашэнне аб адстараненні беларускіх каманд да заканчэння ўзброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны і аднаўлення яе тэрытарыяльнай цэласнасці ў межах міжнародна прызнаных граніц, уключаючы тэрытарыяльныя воды.
Вярхоўная Рада таксама заклікала еўрапейскія дзяржавы абмежаваць ўезд беларускіх спартсменаў і дэлегацый да спынення вайны.
У тлумачальнай запісцы адзначаецца, што агрэсія Расіі супраць Украіны ажыццяўляецца пры прамой палітычнай, ваеннай і лагістычнай падтрымцы Беларусі, якая надала сваю тэрыторыю для размяшчэння расійскіх войскаў і стварэння плацдарма для ўварвання.