Узброеныя сілы Украіны адкінулі акупантаў ад Купянска
- 17.12.2025, 14:15
Украінскія вайскоўцы кантралююць амаль 90% горада.
Украінскія войскі адкінулі расійскіх акупантаў ад Купянска і ўзялі пад кантроль амаль 90% тэрыторыі горада.
Аб гэтым паведаміў галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Аляксандр Сырскі.
Сырскі ўзяў удзел у 32-м пасяджэнні Кантактнай групы па пытаннях абароны Украіны «Рамштайн», якое адбылося ў фармаце відэаканферэнцыі.
Ён праінфармаваў саюзнікаў пра бягучую сітуацыю на фронце, якая застаецца складанай.
Галоўнакамандуючы таксама прывёў канкрэтныя прыклады паспяховых дзеянняў Сіл абароны Украіны.
«Дзякуючы актыўным пошукава-ўдарным дзеянням нам удалося адкінуць акупантаў ад Купянска і ўзяць пад кантроль амаль 90% тэрыторыі горада», — расказаў Сырскі.
Аперацыя Узброеных сіл Украіны ў Купянску
Нагадаем, 12 снежня расійскія акупанты апынуліся ў акружэнні ў Купянску, які, паводле заяў расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, нібыта ўжо двойчы быў «вызвалены». Камандаванне 2-га корпуса Нацыянальнай гвардыі Украіны «Хартыя» заявіла пра паспяховую контратаку Сіл абароны Украіны пад Купянскам.
Як мінімум 200 расіян апынуліся заблакаванымі ў Купянску, украінскім абаронцам удалося ачысціць ад расійскіх салдат жылы масіў «Юбілейны». У ходзе контрнаступальных дзеянняў толькі забітымі расіяне страцілі больш за 1000 салдат.
Як вядома, аперацыя планавалася і працягвалася з восені.
Таксама ўкраінскія вайскоўцы ў Купянску знішчылі газавую трубу, праз якую расійскія акупанты спрабавалі прасочвацца ў горад. Такім чынам, шлях расіянам у горад перакрыты.
Як расказалі вайскоўцы, у Купянску працягваецца актыўная фаза баявых дзеянняў — акружаныя расійскія падраздзяленні аказваюць «вельмі суровы» супраціў. Аднак Сілы абароны Украіны працягваюць аперацыю па іх знішчэнні.