Беларускім таксістам налічылі «круглую» суму дадатковых падаткаў
- 17.12.2025, 13:27
«Падарунак» пад Новы год атрымалі два жыхары Гомеля.
Дэпартамент фінансавых расследаванняў (ДФР) Камітэта дзяржаўнага кантролю (КДК) патрабаваў ад двух гамяльчан, якія арганізавалі працу таксі на тэрыторыі Гомельскай вобласці, заплаціць больш за 450 тыс. рублёў. Як паказала праверка, менавіта столькі падаткаў яны не даплацілі ў казну, выплачваючы таксістам заробак «у канвертах».
«Шэрую» схему выплаты заробкаў выявілі ў кампаніі падчас чарговай праверкі. Назву сэрвісу таксі, арганізатараў якога супрацоўнікі профільнага дэпартамента абвінавацілі ў абыходзе падатковага заканадаўства, у КДК не назвалі, але раскрылі падрабязнасці «злачыннай схемы».
Паводле даных ведамства, дзве службовыя асобы кампаніі ўтаівалі частку наяўнай выручкі, атрыманай таксістамі, каб паменшыць суму падаткаў. З «эканомленых» грошай таксістам (а гаворка ідзе пра больш чым 200 работнікаў) на рукі выдавалі «прыбаўку» да заробку, вядома, нідзе па паперах не ўлічаную.
Па такой схеме, як заявілі ў КДК, кампанія працавала на працягу трох гадоў — з 2022 па 2024 год. У выніку шкоду дзяржаве ў выглядзе недаатрыманых бюджэтам падаткаў (у тым ліку падаходнага падатку) ацанілі больш чым у 450 тыс. рублёў.