У Славянску-на-Кубані палае НПЗ
- 17.12.2025, 9:12
Краснадарскі край РФ атакавалі беспілотнікі.
Уначы на 17 снежня ударныя беспілотнікі атакавалі горад Славянск-на-Кубані, размешчаны ў Краснадарскім краі Расіі.
У выніку налёту дронаў пашкоджанні атрымаў мясцовы нафтаперапрацоўчы завод, паведаміў тэлеграм-канал «Supernova+».
«Славянск-на-Кубані... Момант удару па НПЗ», — гаворыцца ў подпісе да відэа.
На кадрах, апублікаваных у сацсетках, можна ўбачыць момант прылёту і пачуць гукі выбухаў пасля таго, як БПЛА трапляе ў мэту.
Паводле слоў мясцовых жыхароў, пасля ўдару беспілотніка на тэрыторыі НПЗ узнік пажар.
Губернатар Краснадарскага краю Веніямін Кандрацьеў пакуль не адрэагаваў на ўдар па рэгіёне.
У той жа час расійскае прапагандысцкае выданне Mash сцвярджае, што фрагменты ўкраінскіх беспілотнікаў знайшлі ў прыватным сектары Славянска-на-Кубані і ў пасёлку Прыбярэжны.
«У некалькіх дамах пашкоджаныя дахі, выбіты вокны. Таксама ў раённым цэнтры зафіксавалі пашкоджанні на сетках электразабеспячэння», — гаворыцца ў паведамленні.
На момант публікацыі матэрыялу ўкраінскі бок не каментаваў атакі на НПЗ у Славянску-на-Кубані.