«Куды цяпер хаваць расійскі флот?»
- 16.12.2025, 17:39
Пачаўся новы этап дэмілітарызацыі расіян.
Паспяховая спецаперацыя Службы бяспекі Украіны па паражэнні падводнай лодкі ворага ў Наварасійску сведчыць пра тое, што ўкраінскія спецслужбы выйшлі на новы ўзровень «марской бавоўны». Гэта — наступны этап дэмілітарызацыі расіян. Пра гэта піша палітолаг Аляксей Курпас для сайта censor.net.
Эксперт адзначае, што гісторыя марскіх дронаў СБУ — гэта гісторыя пастаяннай мадэрнізацыі і, дзякуючы гэтаму, пастаянных перамог над праціўнікам.
«Калі Мінабароны Расіі думае, што ўжо прадугледзела ўсё, Служба зноў мадэрнізуе дроны, у якіх з’яўляюцца новыя магчымасці. І наносіцца ўдар у месцы, якое яшчэ ўчора расіяне лічылі бяспечным. Тое, што падначаленыя Малюка на крок наперадзе ворага, і з’яўляецца залогам поспеху. Важна, што Служба наносіць удары па носьбітах крылатых ракет. Менавіта супраць іх была скіраваная «Павуціна», а цяпер — удар па падводнай лодцы. То бок ідзе гаворка пра дэмілітарызацыю ракетных магчымасцяў расіян», — лічыць Курпас.
На думку палітолага, удары СБУ па ценявым флоце і паражэнне падводнай лодкі — важны фактар у мірных перамовах, якія цяпер працягваюцца пры ўдзеле амерыканскага боку.
«Малюк дае ўкраінскай дэлегацыі вагомыя аргументы. Расія пераконвае амерыканцаў, што татальна перамагае. Але рабіць гэта, страчваючы падводную лодку за паўмільярда долараў, надзвычай цяжка», — акцэнтуе эксперт.
«Падводная лодка знаходзілася ў Наварасійску, а не ў акупаваным Крыме, адкуль было б зручней біць «Калібрамі». Так адбылося таму, што бітву за воды каля Крыму марскія дроны СБУ выйгралі раней — і ў караблёў, і ў падводных лодак праціўніка. Расіяне перавялі значную частку флоту і падводных лодак у Наварасійск, падалей ад Украіны. Цяпер высветлілася, што гэтае месца таксама больш не з’яўляецца бяспечнай гаванню для ворага. Куды цяпер хаваць расійскі флот?» — пытаецца Курпас.