Ва Украіне прапанавалі глушыць мабільную сувязь у Беларусі
- 16.12.2025, 12:33
З-за атак дронаў.
Украінскі эксперт Сяргей «Флэш» Бескрэстнаў на падставе высноў Molfar Intelligence Institute паведаміў пра верагоднае выкарыстанне расіянамі станцый беларускіх аператараў сотавай сувязі паблізу ўкраінска-беларускай мяжы падчас атак дронаў, піша «Флагшток».
Найбліжэйшыя такія станцыі да Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласцяў знаходзяцца ў Гомельскай вобласці. Паводле слоў эксперта, у мадэмы беспілотнікаў усталёўваюць SIM-карты расійскага аператара з пакетам роўмінгавых паслуг у Беларусі:
«Расійскія SIM-карты не працуюць на тэрыторыі Украіны ў роўмінгу, але, паднімаючы антэны на пагранічных базавых станцыях мабільнай сувязі ў Расіі і Беларусі ў неба, расійскія «Шахеды» атрымліваюць канал перадачы дадзеных на некалькі дзясяткаў кіламетраў у глыб Украіны. А правяраць статус мадэма (збіты або не збіты «Шахед») можна нават на 70–90 км».
Эксперт прапанаваў «знаходзіць такія базавыя станцыі і знішчаць» на тэрыторыі Расіі і задаўся пытаннем, што рабіць з беларускімі станцыямі:
«Мы не атакуем РБ, але калі даказаць, што пагранічныя мабільныя станцыі Беларусі выкарыстоўваюцца «Шахедамі» (а гэта цалкам рэальна зрабіць), то мы можам з чыстым сумленнем заглушыць прыёмныя частоты гэтых станцый РЭБам з нашай тэрыторыі падчас трывог і пры з’яўленні «Шахедаў» паблізу межаў».
Таксама ён выказаў здагадку, што эксперыменты расіян з тэставаннем набору SIM-карт розных краін звязаныя з планамі па эксплуатацыі трэкероў у БПЛА на тэрыторыі Еўразвязу.