Зяленскі: Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў
- 16.12.2025, 16:43
З'явілася відэа размовы беларускіх палітвязняў з прэзідэнтам Украіны.
З'явілася відэа размовы беларускіх палітвязняў з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
У сустрэчы ўдзельнічалі шэсць палітвязняў, вызваленых 13 снежня: Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Уладзімір Лабковіч, Максім Знак, Марына Залатова і Аляксандр Фядута.
«Мы вас падтрымліваем. Мы не ўяўляем, як гэта неверагодна складана, калі ў стане вайны адбываецца такая масіраваная атака і агрэсія з боку Расіі, як цяжка вам з гэтым спраўляцца, і вы ўсё роўна знаходзіце магчымасць нас падтрымліваць», — сказала Марыя Калеснікава.
Пасля яе з прэзідэнтам Украіны гаварыў Максім Знак. Ён звярнуўся па-беларуску і спытаў Зяленскага, ці можа ён дапамагчы вырашыць пытанне з дакументамі, бо палітвязні, вывезеныя ва Украіну, засталіся без пашпартоў.
«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў», — усміхнуўся Зяленскі і паабяцаў заняцца вырашэннем гэтай праблемы разам з кіраўніцтвам іншых краін.
Віктар Бабарыка спытаў, чым вызваленыя беларускія палітвязні могуць дапамагчы Украіне.
Зяленскі адказаў, што самая першая дапамога — выкарыстоўваць свой уплыў сярод беларускага народа, каб пашыраць у ім праукраінскія настроі, падаваць адпаведныя сігналы. «Дапамагайце, як атрымаецца», — падсумаваў ён.