ISW: Расійскія прапагандысты запанікавалі
- 16.12.2025, 10:10
Украінскія войскі працягваюць контратакі на кірунку Купянска.
Украінскія войскі працягваюць контрнаступленне на кірунку Купянска, знішчаючы жывую сілу праціўніка і вяртаючы тэрыторыі пад свой кантроль. Са свайго боку, расійскія прапагандысты прызнаюць сур'ёзнасць сітуацыі для путінскай арміі на гэтым участку фронту.
Станам на 15 снежня украінскія войскі працягвалі зачыстку Купянска, дзе застаюцца некалькі сотняў расійскіх акупантаў. Пра гэта гаворыцца ў аналітыцы Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Сітуацыя ў Купянску
Абаронцы Украіны вызвалілі некалькі населеных пунктаў і бліжэйшыя лясныя масівы ў раёне Купянска. Таксама ў Узброеных Сілах Украіны адзначылі, што расійскія войскі працягваюць спробы пранікнення, каб узмацніць пазіцыі ў Купянску праз газаправод, але ўкраінскія сілы заблакавалі газаправод і кантралююць яго ва ўсіх магчымых пунктах выхаду.
Апублікаваныя 14 і 15 снежня відэазапісы з геалакацыяй сведчаць, што расійскія войскі, верагодна, не ўтрымліваюць пазіцыі ў Петрапавлаўцы (на ўсход ад Купянска), насуперак заяваў Расіі пра прасоўванне ў гэтым раёне. У самым раённым цэнтры захопнікі спрабуюць падтрымліваць рэшткі сваіх войскаў пры дапамозе БПЛА. Аднак лагістычная сітуацыя расійскіх войскаў у Купянску ўскладненая тым, што БПЛА маюць абмежаваную грузапад'ёмнасць, не могуць ляцець над пэўнымі раёнамі і часам скідваюць прыпасы такім чынам, што расійскія пазіцыі становяцца ўразлівымі для украінскіх войскаў.
Прапагандысты панікуюць
У Расіі прапагандысты працягнулі прызнаваць, што становішча путінскай арміі ў Купянску пагаршаецца. Адзін з рупараў Крамля заяўляў, што расійскія войскі ўтрымліваюць некаторыя пазіцыі ў паўночнай і цэнтральнай частках Купянска, але астатняя частка горада альбо з'яўляецца спрэчнай шэрай зонай, альбо знаходзіцца пад кантролем Украіны.
Іншы прапагандыст сцвярджаў, што становішча расійскіх войскаў у заходняй частцы Купянска хутка пагаршаецца, і прызнаваў, што ўкраінскія войскі прасунуліся ў Купянску і суседніх населеных пунктах.
Прапагандысты прызнаюць, што расійскія войскі больш не маюць перавагі ў жывой сіле ў гэтым раёне і што ўкраінскія намаганні па перахопе перашкаджаюць расійскім аперацыям. Таксама паведамляецца, што поспехі Украіны ў Купянску прымусілі расійскіх аператараў беспілотнікаў адступіць з гэтага раёна на левы бераг ракі Аскол.