Беларускія таксісты «Яндэкса» заклікалі да страйку
- 15.12.2025, 19:19
У чым кіроўцы абвінавачваюць сэрвіс.
На працягу некалькіх тыдняў у сацыяльных сетках таксісты публікавалі заклікі да страйку. Некаторыя беларускія кіроўцы абвясцілі, што не выйдуць на працу 15 снежня. «Точка» даведалася, што было з цэнамі на таксі ў Мінску.
Кіроўцы «Яндэкс.Таксі» абвінавачваюць сэрвіс у неабгрунтаваным зніжэнні каэфіцыентаў у гадзіны пік. Відэа з іх скаргамі ў сацсетках збіраюць сотні каментарыяў.
Пасажыры не ўпускаюць магчымасці папракнуць таксістаў, якія «зажэрліся», кіроўцы ж, у сваю чаргу, абвінавачваюць кліентаў у тым, што тыя выклікаюць машыны нават на хвілінныя «паездкі за тры рублі».
Так ці інакш, перавозчыкі вырашылі абвясціць 15 снежня страйк. І паабяцалі не выходзіць на лінію, каб стварыць ажыятаж у гарадах і прыцягнуць увагу «Яндэкса» да праблем.
Таксісты «Яндэкса» ў Беларусі, Расіі і Казахстане ў розных фарматах (у тым ліку ў відэа) заклікалі ўсіх калег не выходзіць на працу ў гэты панядзелак. Дарэчы, частка тэматычных ролікаў з сеткі знікла.
Прэтэнзіі зразумелыя: кіроўцам хочацца больш зарабіць. Цяпер, маўляў, з гэтым ёсць праблемы, нягледзячы на «сезон» — у снежні паездак звычайна больш, чым у іншыя месяцы.
Таксіст Віталь ідэю страйку адабряе і лічыць, што «Яндэкс» нешта робіць з каэфіцыентамі.
«Вось раней ты заўсёды ведаў, што ў выхадныя можна зарабіць на Зыбіцкай — горад гарыць. Хоць і цяпер гарыць, але каэфіцыенты адтуль прыходзяць +1, а то і ўвогуле можа не быць. А там жа людзі, у якіх ніколі не было праблем з плацежаздольнасцю. Але для іх нібыта спецыяльна апускаюць гэтыя каэфіцыенты. Гэта ж не бабулю зранку да вакзала давезці, навошта так рабіць?» — задаецца пытаннем таксіст.
Ён часта правярае попыт па горадзе ў іншай праграме. І кажа, што там можа «ўсё гарыць», а ў «Яндэксе» — цішыня.
«Цяпер, праўда, крыху пайшло. Але гэты снежань — найгоршы за ўсю маю гісторыю ў таксі. Звычайна люты — мёртвы месяц, а тут яшчэ горш. Хоць я думаю, што ў панядзелак многія выйдуць і ніякага страйку не будзе», — уздыхае Віталь.
Выданне звярнулася ў сэрвіс «Яндэкс.Таксі» па каментар.
У кампаніі адзначылі, што 15 снежня ў іх усё працуе ў звычайным рэжыме.
«З канца мінулага тыдня назіраецца сезонны рост попыту на паездкі — гэта звычайная сітуацыя для снежня. Колькасць кіроўцаў на лініі ў сярэднім па краіне не змянілася», — адказалі ў «Яндэксе».