СМІ: Расія ў найбліжэйшы час можа страціць 300 верталётаў
- 15.12.2025, 17:39
Замяніць іх няма чым з-за скарачэння ільготнага лізінгу і недастатковых аб'ёмаў вытворчасці.
Каля 300 састарэлых верталётаў Мі-8 у Расіі могуць вывесці з эксплуатацыі цягам пяці гадоў, бо іх рэсурс амаль вычарпаны.
Пра гэта са спасылкай на нараду кампаніі «Верталёты Расіі» з перавозчыкамі паведамляюць крэмлёўскія СМІ.
У канцы гэтага года двум дзясяткам старых Мі-8Т ужо адмовілі ў падаўжэнні тэрмінаў службы. У 2026-м яшчэ 40 старых машын могуць стаць на прыкол.
Паводле слоў спецыялістаў, калі ў галіне ў наступным годзе недалічацца 50–60 верталётаў, якім не падаўзяць тэрміны эксплуатацыі, гэта можа прывесці да дэфіцыту тэхнікі, перабояў у перавозках і цяжкасцяў з выкананнем кантрактаў.
Усяго ў РФ эксплуатуюцца каля 300 верталётаў Мі-8, вырабленых да 1991 года. Ім кожны раз падаўжаюць магчымасць эксплуатацыі, але бясконца гэта рабіць нельга, бо існуюць патрабаванні да бяспекі палётаў і федэральныя авіяцыйныя правілы.
Адна з прычын абмежавання эксплуатацыі — праблемы з хваставай бэлькай на старых Мі-8Т, дзе могуць з'яўляцца трэшчыны ў выніку нагрузак. Гэтую няспраўнасць цяжка ліквідаваць.
У сярэднім 40-гадовыя машыны наляталі каля 15 тысяч гадзін, тады як ліміт іх службы вызначаўся вытворцам у 20 тысяч. Такім чынам, яны яшчэ маюць пэўны рэсурс, але ён даволі абмежаваны.
Авіякампаніі не змогуць хутка замяніць старыя борты новымі з-за скарачэння ільготнага лізінгу і недастатковасці вытворчасці. Галіна просіць даць 5–10 гадоў і ільготны лізінг, каб плаўна перайсці на новую тэхніку.
Акрамя вытворчасці, існуюць і іншыя цяжкасці, у прыватнасці кошт эксплуатацыі. Справа ў тым, што кошт лётнай гадзіны старых Мі-8Т вагаецца ў дыяпазоне 250–320 тысяч рублёў, тады як у новых мадыфікацый Мі-8АМТ ён складае 400–500 тыс. Таму пры пераходзе на новую тэхніку вырастуць тарыфы на камерцыйныя перавозкі.