«ЗСУ ператварылі Купянск у капкан»
- 15.12.2025, 18:47
Бліскучая аперацыя Кіева.
Аперацыя, якую правялі Сілы абароны Украіны каля Купянска Харкаўскай вобласці, была бліскучай. Пра гэта ў эфіры «Radio NV» распавёў Еўген Дзікі — ветэран расейска-ўкраінскай вайны, экс-камандзір роты батальёна «Айдар».
«Купянскі кацёл, якім нас палохаў Пуцін, усё ж адбыўся, але ў супрацьлеглым кірунку. Расейцы ганарыліся, дарэчы, цалкам законна, тым, што ім удалося фарсіраваць раку Аскол, а цяпер перад імі стаіць звышзадача — фарсіраваць Аскол назад. Як цяпер перайсці ўброд халодную зімовую раку? Але ёсць альтэрнатыва — здавацца ў палон», — падкрэсліў ён.
Паводле яго слоў, Сілам абароны Украіны ўдалося цалкам адрэзаць Купянск ад той групоўкі РФ, якая знаходзіцца на другім беразе Аскола.
«Горад ператварылі ў капкан, пастку. Проста бліскучая аперацыя. Такога мы даўно не бачылі з абодвух бакоў пры такой колькасці дронаў і ў такіх маштабах», — адзначыў Дзікі.
Эксперт таксама заявіў, што праціўнік працягне ціск на Данецкую вобласць. Паводле яго слоў, цяпер паступаюць трывожныя і непрыемныя навіны з раёна Сіверска, які становіцца адным з кірункаў наступу расейскіх войскаў — туды перакідваюцца сілы з іншых участкаў фронту.