Журналісты знайшлі збеглага з Сірыі дыктатара Асада
- 15.12.2025, 18:09
Ён жыве пад Масквой.
Звергнуты сірыйскі дыктатар Башар Асад жыве на Рублёўцы і зноў вывучае афтальмалогію. Пра гэта піша брытанскае выданне The Guardian са спасылкай на некалькі крыніц у Расіі і Сірыі, у тым ліку сябра сям’і былога дыктатара. Паводле звестак суразмоўцаў брытанскай газеты, Асад здолеў перавесці бальшую частку свайго капіталу ў Маскву і цяпер, як мяркуецца, жыве на Рублёўцы.
«Ён жыве вельмі спакойным жыццём. У яго амаль няма кантактаў з знешнім светам. Ён кантактуе толькі з некалькімі людзьмі, якія бывалі ў яго палацы, такімі як Мансур Аззам (былы міністр па справах прэзідэнта Сірыі) і Яссар Ібрагім (блізкі эканамічны паплечнік Асада). Ён вывучае рускую мову і зноў асвяжае свае веды па афтальмалогіі. Гэта ягоная страсць, яму відавочна не патрэбныя грошы. Яшчэ да пачатку вайны ў Сірыі ён рэгулярна практыкаваў у Дамаску», — цытуе выданне сябра сям’і Асада.
Башар Асад збег з Дамаска разам з сынамі ў ноч на 8 снежня 2024 года, калі сірыйскія паўстанцы набліжаліся да сталіцы з поўначы і поўдня. Іх сустрэў расійскі ваенны эскорт і даставіў на авіябазу Хмеймім, адкуль сям’ю вывезлі за межы краіны. Раней пра яго жыццё ў Маскве пісала выданне Die Zeit.