Украінскія СМІ: Бабарыка і Калеснікава адмовіліся гаварыць пра сваё стаўленне да вайны
- 15.12.2025, 20:09
Яны спаслаліся на недахоп інфармацыі.
Украінскія СМІ звярнулі ўвагу на прэс-канферэнцыю вызваленых беларускіх палітвязняў, якая адбылася 14 снежня. Медыя зрабілі акцэнт на тым, што вызваленыя беларускія палітвязні адмовіліся гаварыць пра сваё стаўленне да вайны Расіі супраць Украіны, спаслаўшыся на недахоп інфармацыі.
Прэс-канферэнцыя Віктара Бабарыкі, Марыі Калеснікавай, Уладзіміра Лабковіча і Аляксандра Фядуты адбылася ў Чарнігаве:
— «У тых умовах, у якіх мы знаходзіліся, доступ да інфармацыі быў надзвычай абмежаваны. Мы атрымлівалі інфармацыю толькі з беларускіх дзяржаўных СМІ — я цяпер не кажу, праўдзівая яна ці не, але яна была аднабокая. Таму каментаваць і даваць ацэнкі, ведаючы пазіцыю толькі аднаго боку, бяссэнсоўна», — сказаў банкір Віктар Бабарыка, якога не дапусцілі да выбараў прэзідэнта Беларусі ў 2020 годзе.
Кіраўніца яго штаба Марыя Калеснікава заявіла, што спачувае і падзяляе «страты Украіны, страты Расіі і ўсіх, хто тут церпіць». Таксама сярод тых, каму яна падзякавала за сваё вызваленне, быў «Аляксандр Рыгоравіч».
Ні адзін з чатырох удзельнікаў мерапрыемства не выказаў прамой падтрымкі беларускім дабраахвотнікам, якія ваююць ва Украіне, у асноўным спаслаўшыся на тое, што «вайна — гэта дрэнна».