BE RU EN

У Гомельскай вобласці 85-гадовая жанчына ўпершыню выйшла замуж

  • 14.12.2025, 14:27

Пара распісалася праз паўстагоддзя пасля знаёмства.

У гарадскім пасёлку Акцябрскім Гомельскай вобласці адбылося незвычайнае вяселле. Закаханыя вырашылі афіцыйна замацаваць свае адносіны праз паўстагоддзя з моманту знаёмства. Нявесце Налі Харытонаўне 85 гадоў, яе выбранніку Арыёну Васільевічу — 89. Пра хвалюючую цырымонію паведамляе тэлеграм-канал Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкама.

Арыён Васільевіч з Украіны, Наля Харытонаўна расіянка, аднак пазнаёміліся яны ў Беларусі. Паўстагоддзя таму малады чалавек прыехаў сюды на працу, убачыў Налю і закахаўся.

Доўгія гады яны жылі душа ў душу, а да залатога вяселля вырашылі замацаваць адносіны яшчэ і афіцыйна.

— Праверылі пачуцці часам, — кажа Арыён Васільевіч. — Жылі ў любові і згодзе, а цяпер хочам стаць сапраўднымі мужам і жонкай, насіць адно прозвішча.

Паводле даных Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкама, для Налі Харытонаўны гэты дзень стаў асабліва хвалюючым, бо яна ўпершыню нявеста. На цырымонію жанчына прыйшла з элегантнай прычоскай і макіяжам, чорную сукенку дапаўнялі пацеркі і белы шалік.

Засталіся вернымі маладыя і вясельным традыцыям — ступілі на рушнік, абмяняліся пярсцёнкамі.

Павіншаваць маладых прыйшлі самыя блізкія.

— Усе рады за нас, уладкавалі дома свята. Узрост не перашкода, калі ў сэрцы вясна! Кожны заслугоўвае шчасця, — лічаць маладыя.

Апошнія навіны