Роберта Мецола: Беларусь будзе вольнай
- 14.12.2025, 9:52
Еўрапарламент будзе і далей дамагацца вызвалення ўсіх палітвязняў.
Кіраўніца Еўрапарламента Роберта Мецола адрэагавала на вызваленне 123 палітвязняў у Беларусі. Палітык заявіла, што ЕС вітае вызваленне палітвязняў, але будзе і далей дамагацца вызвалення ўсіх палітвязняў, уключаючы Анджэя Пачобута.
«Я вітаю вызваленне шэрагу палітычных зняволеных у Беларусі, у тым ліку лаўрэатаў прэміі Сахарава Марыі Калеснікавай і Алеся Бяляцкага, які таксама з’яўляецца лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.
Яны столькі ўсяго перажылі. Жадаю ім моцы і магчымасці ўз’яднацца са сваімі сем’ямі і блізкімі.
Еўрапарламент будзе і далей дамагацца вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі, уключаючы журналіста Анджэя Пачобута, якога мы ўзнагародзім прэміяй Сахарава ў Страсбургу ў аўторак.
Тым, хто дагэтуль за кратамі: мы вас не забудзем. Беларусь будзе вольнай», — напісала Роберта Мецола ў Х.
Нагадаем, што ўчора Лукашэнка вызваліў 123 палітвязняў.
Сярод тых, хто выйшаў на волю, — лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, апазіцыйны палітык Павал Севярынец, праваабаронца Уладзімір Лабковіч і шэраг іншых вязняў сумлення.
Большасць памілаваных былі прымусова вывезеныя на тэрыторыю Украіны.