BE RU EN

NZZ: «Хартыя» нанесла балючы ўдар па расійскай прапагандзе

  • 13.12.2025, 21:32

Пры гэтым умацаваўшы перагаворную пазіцыю Украіны.

Украінскія сілы дасягнулі важнага тактычнага поспеху на Купянскім напрамку: элітная брыгада «Хартыя» вызваліла некалькі вёсак на поўнач ад горада ў Харкаўскай вобласці, фактычна акружыўшы расійскія падраздзяленні ў цэнтры Купянска.

Паводле дадзеных украінскага камандавання, каля 200 расійскіх вайскоўцаў апынуліся адрэзанымі ад забеспячэння, піша швейцарская газета Neue Zürcher Zeitung.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі у пятніцу асабіста наведаў гэты напрамак — адзін з самых рызыкоўных візітаў ад пачатку вайны — і запісаў відэазварот перад разбураным указальнікам Купянска, падзякаваўшы байцам. Зяленскі падкрэсліў: «Вельмі важна быць паспяховымі на фронце, каб Украіна магла дасягаць і дыпламатычных поспехаў».

Гэта контрнаступленне супала па часе з мірнымі перамовамі і абвяргае сцвярджэнне Расіі і заяву прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пра тое, што Украіна прайграе вайну і мусіць пайсці на балючыя саступкі. Украіна таксама працягвае трымаць абарону Пакроўска і Мірнаграда ў Данецкай вобласці, нягледзячы на пагрозу акружэння, каб не даць Расіі новых перамог падчас перамоваў.

Для Масквы гэта балючы ўдар: захоп Купянска — важнага чыгуначнага вузла з даваенным насельніцтвам каля 25 тысяч — быў прыярытэтам з лета. 20 лістапада расійскае камандаванне далажыла Пуціну пра поўны кантроль над горадам, а генерал Сяргей Кузаўлеў атрымаў званне «Герой Расіі». Украіна заўжды адмаўляла гэтыя заявы, а цяпер нават расійскія ваенныя блогеры прызнаюць, што паведамленні мелі прапагандысцкі характар для ўмацавання пазіцый Расіі на перамовах.

Нягледзячы на поспех пад Купянскам, сітуацыя на фронце застаецца складанай.

Апошнія навіны