Нобелеўскі камітэт адрэагаваў на вызваленне Аляся Бяляцкага
- 13.12.2025, 21:21
Ён заклікаў улады Беларусі вызваліць усіх палітвязняў.
Нарвежскі Нобелеўскі камітэт выказаў «глыбокую палёгку і шчырую радасць» у сувязі з вызваленнем з палітычнага зняволення ў Беларусі лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, беларускага праваабаронцы Аляся Бяляцкага, паведамляе «Нямецкая хваля».
- Атрыманне Алесем Бяляцкім свабоды — гэта момант, які мы ад душы вітаем і якога мы доўга чакалі, - гаворыцца ў заяве Нобелеўскага камітэта, апублікаванай у суботу, 13 снежня.
Пры гэтым Нобелеўскі камітэт заклікаў беларускія ўлады вызваліць усіх палітвязняў у краіне.
- Нарвежскі Нобелеўскі камітэт заклікае беларускія ўлады вызваліць усіх палітвязняў і гарантаваць, што Алесь Бяляцкі і іншыя праваабаронцы могуць жыць і працаваць свабодна, без страху перад новым пераследам, - цытуе гэту заяву агенцтва Reuters.
Са свайго боку Алесь Бяляцкі, якога пасля вызвалення ў Беларусі даставілі ў Літву, заявіў, што «барацьба працягваецца».
«Наша барацьба працягваецца. Думаю, што Нобелеўская прэмія — гэта пэўнае прызнанне нашай працы, нашых надзей, якія яшчэ не прынеслі пладоў, таму барацьба працягваецца», - заявіў ён, выступаючы ў Вільнюсе.