На волю выйшлі Бяляцкі, Бабарыка, Калеснікава, Севярынец і яшчэ 119 палітзняволеных
- 13.12.2025, 16:24
(абноўлена) Большасць з іх вывезеныя на тэрыторыю Украіны.
Лукашэнка вызваліў 123 палітзняволеных. Пра гэта стала вядома сёння, 13 снежня. Сярод тых, хто выйшаў на волю, — экс-банкір Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, Максім Знак, Павал Севярынец, галоўная рэдактарка партала tut.by Марына Золатава, палітолаг Аляксандр Фядута, праваабаронцы Уладзімір Лабковіч, Алена Гнаук, Марыя Батальёнак (Літва), Ганна Сакаленка (Латвія), Аляксандр Сырыца (Аўстралія), Наканісі Масатосі (Японія), Раман Галуза (Польшча), Наталля Бельская (ЗША). 114 з іх вывезеныя на тэрыторыю Украіны. У Літву вывезеныя толькі Алесь Бяляцкі і сем замежных грамадзян.
Алесь Бяляцкі па прыездзе ў Вільнюс даў першае інтэрв’ю:
«Мяне праз усю Беларусь правезлі з завязанымі вачыма. А сядзеў я пад Горкамі, за 14 кіламетраў ад расійскай мяжы. У мяне яшчэ кружыцца галава».
«Гэта Нобелеўская прэмія была дадзеная не толькі асабіста мне, але ўсім беларускім актывістам і ўсяму беларускаму народу, які выступаў і выступае за дэмакратыю, за правы чалавека ў Беларусі, які працягвае сваю барацьбу. Хоць яна ў нас ідзе нялёгка і цяжка, праз турмы, тысячы людзей сядзелі і цяпер працягваюць сядзець у турмах», — распавёў Алесь Бяляцкі.
Паведамляецца, што таксама вызвалены грамадзяне Вялікабрытаніі, ЗША, Літвы, Украіны, Латвіі, Аўстраліі, Японіі.
Заўважым, ЗША здымаюць санкцыі з беларускага калію. Пра гэта паведаміў пасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коул на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 13 снежня.
«У адпаведнасці з указаннямі прэзідэнта Трампа ЗША здымаюць санкцыі з калію. Думаю, гэта вельмі добры крок з боку ЗША для Беларусі. Мы іх здымаем цяпер», — заявіў Джон Коул.