У Мінску за вялікія грошы здаюць кватэру «без нічога»
- 13.12.2025, 14:56
Наймальніка шукаюць на доўгі тэрмін.
Здаецца, гэты жарт ужо выходзіць з-пад кантролю. Трэнд на здачу жылля без аздаблення пачаўся прыкладна ў той момант, калі ў Мінску стартавала будаўніцтва буйнога жылога масіву на месцы былога аэрапорта. Людзі накупілі недарагіх квадратных метраў, і з імі трэба было нешта рабіць. Камусьці прыйшла ідэя здаваць голыя бетонныя «квадраты» непераборлівым кватарантам — і панеслася. У такога тыпу жылля ёсць плюс: яно звычайна каштуе нядорага. Але не заўсёды. Напрыклад, цяпер у «Minsk World» здаецца аднапакаёўка без аздаблення за даволі нямаленькія 280 даляраў, піша Onliner.
Кватэра знаходзіцца ў доме «Мілан» на вуліцы Шчамялева, 30. Адзначаецца, што наймальніка шукаюць на доўгі тэрмін — не менш як на два гады. З плюсаў: у кватэры зарэгістраваны чалавек, а значыць камунальныя плацяжы будуць невысокімі.
— Без рамонту, але для пражывання ёсць усё неабходнае, — адзначае аўтар аб'явы. — Усталяваныя ўнітаз, ванна, стальніца з мыйкай, на падлозе лінолеум, сцены прагрунтаваныя. Усе разеткі і выключальнік ёсць. У санвузле падведзеныя трубы і ёсць 220 В для падключэння пральнай машыны.
Калі задумацца, то сапраўды, у кватэры ёсць мінімальны набор для існавання. Але, пагодзьцеся, жыллё — гэта не толькі пра функцыянал. Акрамя патрэбы паесці, памыцца і схадзіць у туалет, чалавеку патрэбная яшчэ і ўтульнасць: люстэрка, прасторныя шафы, фіранкі на вокнах… Ложак, вядома, таксама не зашкодзіў бы.
Зняць такую напаўгатовую кватэру можна за 280 даляраў у месяц.
Цікава, што ўласнік запатрабуе яшчэ і заклад у памеры месячнай арэнды. Гэта даволі распаўсюджаная практыка, якая дае ўладальнікам гарантыю, што пасля выезду кватарантаў маёмасць кватэры будзе ў парадку.