Дроны паразілі асаблівы НПЗ «Раснафты»
- 13.12.2025, 9:20
Выбухі прагучалі ў Саратаве і Энгельсе.
Увечары 12 снежня і пасля поўначы Саратаўскую вобласць Расіі атакавалі беспілотнікі. У сетцы паведамляюць пра ўдары па Саратаўскім нафтаперапрацоўчым заводзе, перадае «Фокус».
Расійскія ўлады пацвердзілі налёт беспілотнікаў на рэгіён: губернатар Саратаўскай вобласці Раман Бусаргін паведаміў пра разбурэнне аб’ектаў інфраструктуры ў Саратаве.
Мясцовыя Telegram-каналы паведамілі, што ў Саратаве і Энгельсе прагучала не менш за 10 выбухаў на фоне атакі дронаў і актыўна працавала расійская СПА. Да гэтага «Росавіяцыя» ўвяла план «Кавёр» у аэрапортах Саратава і суседняй Пензы.
Расійскія Telegram-каналы са спасылкай на даныя відавочцаў расказалі, што па стане на 02:15 атака на Саратаўскую вобласць працягвалася. У адным з раёнаў горада зафіксавалі пажар пасля серыі выбухаў — на той момант іх налічылі ўжо больш за 20.
Расіяне таксама сцвярджаюць, што ў небе над рэгіёнам было збіта каля дзясятка беспілотнікаў.
У той жа час маніторынгавыя каналы сцвярджаюць, што ў Саратаве пад атакой дронаў апынуўся мясцовы НПЗ. Гэтую ж інфармацыю пацвердзіў кіраўнік ЦПД РНБО Андрэй Каваленка у сваім Telegram-канале.
Верагодна, гаворка ідзе пра «Саратаўскі нафтаперапрацоўчы завод», які належыць кампаніі «Раснафта». Прадпрыемства лічыцца адным з найстарэйшых заводаў такога тыпу на тэрыторыі РФ. Аб’ём перапрацоўкі нафты складаў 4,8 млн тон па стане на 2023 год, як паведамляецца ў адкрытых крыніцах.