У Польшчы запрацуе важная змена для замежнікаў
- 13.12.2025, 2:45
Падпісаны закон, які ўводзіць абавязковую падачу заяў на від на жыхарства (ВНЖ) праз адзіную платформу.
Прэзідэнт Польшчы Кароль Навроцкі 12 снежня падпісаў новую рэдакцыю закона аб замежніках. Дакумент, між іншым, пераносіць падачу заяў на від на жыхарства (ВНЖ) у анлайн-фармат — праз адзіную лічбавую платформу MOS, піша Most.
Модуль абслугоўвання кліентаў (MOS) пачне працаваць у 2026 годзе. Пакуль не паведамляецца, калі менавіта, але дакладна не з 1 студзеня. Доступ да яго будзе бясплатны.
Мэта MOS — перавесці падачу заяў у электронную форму і такім чынам ліквідаваць паляванне за слотамі на асабісты прыём. Іх часта рэзервуюць боты, а пасля прадаюць шматлікія пасярэднікі.
Праз MOS заяўнікі будуць падаваць не толькі форму заявы, але і далучаць сканы дакументаў, фотаздымкі, квітанцыі аб аплаце дзяржаўнай пошліны. Калі ВНЖ афармляецца на падставе працы, навучання або валанцёрскай дзейнасці, з дапамогай адзінай сістэмы працадаўца, установа адукацыі, арганізатар стажыроўкі або валанцёрства будзе падпісваць неабходны дадатак.
З увядзеннем MOS адыдуць у мінулае так званыя чырвоныя штампы ў пашпарце — пячаткі, якія пацвярджаюць, што заява на ВНЖ прынята. Замест гэтага пасля праверкі і зацвярджэння заявы супрацоўнікам ваяводскай адміністрацыі (ужонда) заяўнік зможа спампаваць з сістэмы і раздрукаваць даведку аб падачы заявы.