Сілы абароны Украіны адказалі на заяву Пуціна аб «захопе» Сіверска
- 11.12.2025, 22:06
Горад застаецца пад кантролем ЗСУ.
Сёння, 11 снежня, расейцы 68 разоў штурмавалі пазіцыі ўкраінскіх абаронцаў у зоне адказнасці Аператыўнага камандавання «Усход». Нягледзячы на заявы расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, Сіверск застаецца пад кантролем ЗСУ.
Пра гэта паведамляе Charter97.org са спасылкай на заяву АК «Усход» у Facebook.
Сіверск на Славянскім напрамку застаецца пад кантролем Сіл абароны Украіны. Расейцы спрабуюць пранікнуць у горад невялікімі групамі пад прыкрыццём неспрыяльных умоў надвор'я, аднак большасць з іх знішчаецца яшчэ на падыходах.
На Пакроўскім напрамку акупанты 33 разы спрабавалі атакаваць пазіцыі ўкраінскіх ваяроў у раёнах населеных пунктаў Шахава, Радзінскае, Мірнаград, Пакроўск, Котліна, Удачнае, Маладзецкае і ў бок Навапаўлаўкі. ЗСУ адбілі 31 атаку, баі працягваюцца дагэтуль.
«Сілы абароны Украіны працягваюць кантраляваць паўночную частку Пакроўска. У цэнтральнай частцы горада ўкраінскія ваяры блакуюць прасоўванне праціўніка», — гаворыцца ў заяве Сіл абароны.
У Мірнаградзе падраздзяленні ЗСУ ўтрымліваюць абарончыя рубяжы і знішчаюць акупантаў на падступах да горада.
«Лагістыка застаецца ўскладненай. Для ўзмацнення нашых магчымасцяў забеспячэння прымаюцца меры па пашырэнні лагістычных калідораў у Мірнаградзе», — расказалі ўкраінскія абаронцы.