BE RU EN

Можа, не ў дырэктарах справа?

  • 11.12.2025, 13:52

Як беларускія прамысловыя гіганты правалілі ўсе планы.

Дырэктар МТЗ атрымаў вымову, пазбавіўся прэміі, а потым усё роўна быў звольнены. Дырэктару «Магілёўліфтмаша» Мінпрам абвясціў проста вымову. Дырэктары МАЗа, БелАЗа і «Белкамунмаша» аддзелаліся заўвагамі. Беларускія прамысловыя гіганты ў гэтым годзе правалілі ўсе планы, піша planbmedia.io.

На пасадзе дырэктара МТЗ Сяргей Аўраменка пратрымаўся крыху больш за год. І за гэты час ён зусім не апраўдаў аказаны яму найвышэйшы давер. За гэты час МТЗ павінен быў паводле плану выпусціць 33 767 трактараў. Выпусціў усяго 23 тысячы. Павінен быў прадаць 28 тысяч машын, прадаў менш за 17 тысяч.

Таму ў лістападзе Міністэрства прамысловасці абвясціла Аўраменку вымову і пазбавіла яго прэміі разам з усімі астатнімі службовымі асобамі прадпрыемства. А напрыканцы лістапада Лукашэнка ўвогуле звольніў дырэктара, які не спраўляўся.

Ратуваць гонар беларускай прамысловасці Лукашэнка накіраваў кіраўніка «Белкамунмаша» Тараса Мурога. Сказаў, што да студзеня новы дырэктар павінен прадаць усе лішнія трактары і разгрузіць склады.

Праўда, разгрузіць склады «Белкамунмаша» ў Мурога да гэтага ўжо не атрымалася. Менавіта за гэта Міністэрства прамысловасці зрабіла яму афіцыйную заўвагу. Хаця, здавалася б, што прасцей? Бяры і прадавай.

«У нашых трактарах мае патрэбу ўвесь свет», — сказаў Лукашэнка, прызначаючы новага кіраўніка МТЗ.

Дзе канкрэтна свет мае патрэбу ў беларускіх трактарах, Лукашэнка, праўда, не сказаў. Затое растлумачыў, што менавіта трэба зрабіць, каб іх прадаць.

«Вырабіце супертрактар, які найлепшы ў свеце, і крыху даражэй яго прадасце. Я, напрыклад, бачу выхад з існуючага становішча менавіта ў гэтым».

Дзіўна, што дагэтуль ніхто не дадумаўся да такога відавочнага рэцэпту. Праўда, разам з супертрактарам, які найлепшы ў свеце, давядзецца вырабіць супергрузавік, суперхаладзільнік і суперпральную машыну. І, відаць, яшчэ супермэна, каб ён усё гэта прадаваў. Бо ў астатніх беларускіх гігантаў справы не лепшыя, чым у МТЗ і «Белкамунмаша». А ў некаторых дык нават значна горшыя.

Напрыклад, «Атлант» за дзевяць месяцаў павінен быў вырабіць 225 тысяч пральных машын. Вырабіў — 90 тысяч. Замест трох мільёнаў каляровых тэлевізараў у краіне зрабілі ў паўтара раза менш. Замест сямі тысяч грузавікоў МАЗ вырабіў толькі пяць тысяч.

Але самых уражальных поспехаў у асваенні рынкаў далёкай дугі дасягнуў Беларускі металургічны завод. БМЗ павінен быў прадаць на рынкі далёкай дугі 240 тысяч тон пракату чорных металаў. Прадаў замест гэтага ўсяго 35 тысяч тон.

І гэта яшчэ калі не ўспамінаць пра страты. Бо стратамі могуць пахваліцца практычна ўсе.

Таму зусім незразумела, чаму яны так усе прычапіліся да былога дырэктара трактарнага завода. Ну не выканаў быўшы дырэктар план. Дык хто з дырэктараў гэты план выканаў?

Але, з другога боку, кагосьці паказальна звольніць трэба, а ўсіх дырэктараў звольніць нельга. Бо іншых узяць усё адно няма дзе. Тага ж Аўраменку адразу пасля звальнення з МТЗ прызначылі гендырэктарам Мінскага завода шасцярнёў. Дык што, вядома, дырэктараў, якія не выконваюць планы, можна мяняць месцамі. Але ад перастаноўкі дырэктараў планы не выконваюцца. Можа, не ў дырэктарах справа?

Апошнія навіны