У аэрапортах Масквы адмянілі і затрымалі амаль 200 рэйсаў з-за масіраванай атакі дронаў
- 11.12.2025, 9:57
Апошні раз такое адбылося ў сталіцы РФ 23 верасня.
У ноч на 11 снежня ўкраінскія беспілотнікі масіравана атакавалі Маскву, паведаміў мэр расійскай сталіцы Сяргей Сабянін. Паводле ягоных звестак, за больш як сем гадзін на падлёце да горада былі знішчаныя 36 беспілотнікаў. На месцы падзення абломкаў працуюць спецыялісты экстрэнных службаў, адзначыў Сабянін. Пры гэтым ён не ўдакладніў, ці ёсць у выніку атакі пацярпелыя і пашкоджанні аб’ектаў на зямлі.
Падчас налёту дронаў Расавіяцыя абвясціла аб абмежаваннях на прыём і выпуск паветраных суднаў ва ўсіх сталічных аэрапортах. З-за гэтага авіягавані затрымалі вылет і прыём амаль 200 рэйсаў. У прыватнасці, у Шарамеццеве адклалі вылет 53 самалётаў у Шэньчжэнь, Екацярынбург, Уфу, Мінск, Стамбул, Чалябінск, Омск і іншыя гарады. Яшчэ 55 рэйсаў былі адменены. У Внукаве з поўначы затрымалі 54 рэйсы, у тым ліку ў Дубай, Шарм-эш-Шэйх, Ерэван, Астану, Тбілісі і Екацярынбург. Таксама 9 рэйсаў у Стамбул, Ерэван і Санкт-Пецярбург і іншыя гарады былі адменены. У Дамадзедаве за ноч затрымалі 17 рэйсаў у Хургаду, Баку, Уфу, Мінеральныя Воды і іншыя гарады. Адмянілі адзін рэйс у Казань. Са свайго боку ў Жукоўскім затрымалі 4 рэйсы — у Фергану, Душанбэ і Ургенч — і адмянілі адзін рэйс у Ош. З-за затрымак рэйсаў пасажыры маскоўскіх аэрапортаў былі вымушаныя спаць на турыстычных кілімках, кардонках і лаўках, піша Shot.
Згодна са зводкай Мінабароны, усяго за мінулую ноч над тэрыторыяй Расіі былі «перахопленыя і знішчаныя» 287 украінскіх беспілотнікаў самалётнага тыпу. Найбольш — 118 — над Бранскай вобласцю. Над Маскоўскім рэгіёнам збілі 40 дронаў, столькі ж — над Калужскай вобласцю. Таксама пад ударам былі Тульская, Наўгародская, Яраслаўская, Ліпецкая, Смаленская, Курская, Арлоўская, Варонежская і Рязанская вобласці.
Апошні раз Масква падвяргалася масіраванай атацы дронаў 23 верасня. Тады за 16 гадзін на падлёце да расійскай сталіцы знішчылі 41 беспілотнік. На гэтым фоне аэрапорты таксама часова прыпынялі працу. Усяго авіякампаніі адмянілі або затрымалі больш як 200 рэйсаў.