«Белавія» зладзіла аднадзённы распродаж
- 10.12.2025, 11:06
Дзейнічаюць 50-працэнтныя зніжкі на ўсе рэгулярныя рэйсы.
Авіакампанія «Белавія» абвясціла 50-працэнтныя зніжкі на ўсе рэгулярныя рэйсы. Каб урваць білеты па прывабных цэнах, давядзецца паспяшацца — прома-акцыя працягнецца ўсяго адзін дзень.
Дзейнічаць тарыф «Прома», які ўдвая скарачае мінімальныя апублікаваныя тарыфы авіякампаніі, будзе цягам сённяшняга дня, 10 снежня. Акрамя таго, колькасць білетаў па прома-тарыфах абмежаваная — яшчэ адна прычына паспяшацца. У кампаніі папярэдзілі, што на таксы і зборы 50-працэнтная зніжка не распаўсюджваецца, і тым не менш выгода відавочная.
Зэканоміць можна на білетах па ўсіх прамых рэгулярных напрамках, прычым не толькі з вылетам з Мінска, але і на прамыя рэйсы з Гомеля, Брэста і Магілёва. Прома-тарыф можна ўжываць як на білеты туды і назад, так і на білеты ў адзін бок.
Галоўная ўмова — перыяд падарожжа па набытых прома-білетах абмежаваны ў часе. Крайні тэрмін — 28 сакавіка 2026 года ўключна. З падрабязнымі правіламі прымянення прома-тарыфаў кампаніі «Белавія» можна азнаёміцца па спасылцы.
Паколькі на гэты раз купіць прома-білеты можна толькі на афіцыйным сайце кампаніі, ахвотным зэканоміць пакупнікам варта ўзброіцца цярпеннем. Папярэдні досвед паказвае, што падчас прома-акцый сістэмы могуць даваць збоі, і афармленне білетаў можа заняць значна больш часу, чым звычайна.