Польшча і Украіна рыхтуюць грандыёзную здзелку па знішчальніках
- 10.12.2025, 9:52
Авіяпарк Узброеных Сіл Украіны можа папоўніцца новымі баявымі самалётамі.
Польшча вядзе перамовы з Украінай аб магчымай перадачы знішчальнікаў «МіГ-29», якія ўжо вычарпалі свой рэсурс і больш не падлягаюць мадэрнізацыі.
Аб гэтым гаворыцца ў афіцыйнай заяве Генштаба Узброеных Сіл Польшчы.
Канчатковае рашэнне пакуль не прынята, але яно блізкае. Такой крок з боку польскіх партнёраў Украіны значна ўзмоцніць не толькі абарончыя магчымасці Украіны, але і ўсходні фланг НАТА ў цэлым.
Калі самалёты ўсё ж перададуць, Польшча заменіць іх заходнімі знішчальнікамі F-16 і FA-50, якія ўжо паступаюць на ўзбраенне краіны. Гэта дазволіць Варшаве абнавіць уласны парк баявой авіяцыі, а Украіне — узмацніць свае магчымасці ў паветры, такім чынам здзелка выгадная для абодвух бакоў.
Паралельна Польшча і Украіна абмяркоўваюць перадачу Варшаве асобных дронавых і ракетных тэхналогій, дадаюць у польскім Генштабе. Гэтыя праекты таксама могуць умацаваць сумеснае развіццё абаронных магчымасцяў дзвюх краін, а таксама паслужаць свайго роду кампенсацыяй за перадачу такіх неабходных Кіеву знішчальнікаў.