Прэзідэнт Фінляндыі зрабіў заяву аб спыненні вайны ва Украіне
- 10.12.2025, 9:17
Перамовы ўключаюць тры асобныя дакументы.
Мір для Украіны цяпер бліжэй, чым калі-небудзь ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ў 2022 годзе. Пра гэта падчас выступу ў Хельсінкі 9 снежня заявіў прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб.
«Мы дастаткова блізка да пагаднення», — цытуе Стуба Bloomberg.
Паводле яго слоў, мірныя перамовы ўключаюць тры асобныя дакументы:
Першы дакумент з'яўляецца рамкавым. Гэта план з 20 пунктаў, які абмяркоўваўся паміж еўрапейскімі лідарамі.
Другі дакумент датычыцца гарантый бяспекі Украіны і абмяркоўваецца паміж адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, украінскімі прадстаўнікамі і еўрапейскімі структурамі бяспекі.
Трэці дакумент засяроджаны на аднаўленні Украіны пасля вайны.
Паводле слоў Стуба, папярэдняя версія рамкавага пагаднення складалася з 28 пунктаў. Частка прапаноў, што датычылася еўрапейскай бяспекі, была «абсалютна непрымальнай» для Фінляндыі. Цяпер перамовы перайшлі на стадыю, калі ўмовы пагаднення выглядаюць больш прымальнымі.