Польшча і Германія падпісалі дэкларацыю аб поўнай незалежнасці ад паставак паліва з Расіі
- 1.12.2025, 23:55
Дональд Туск параўнаў новы ўзровень польска-германскага супрацоўніцтва з Капернікаўскай рэвалюцыяй.
Дональд Туск параўнаў новы ўзровень польска-германскага супрацоўніцтва ў палітыцы рэгіёна з Капернікаўскай рэвалюцыяй. Падчас прэс-канферэнцыі з Фрыдрыхам Мерцам кіраўнік польскага ўрада падкрэсліў, што падчас перамоваў з канцлерам Германіі ў Берліне асаблівая ўвага была нададзена пытанням бяспекі, у тым ліку энергетычнай, перадае «Польскае радыё».
Падчас сустрэчы ў Берліне Туск і Мерц падпісалі сумесную дэкларацыю аб поўнай незалежнасці ад паставак паліва з Расіі. Польшча і Германія імкнуцца да таго, каб уся Еўропа была вольная ад расійскіх паставак. «Яшчэ некалькі гадоў таму гэта было немагчыма ўявіць», — заявіў прэм’ер-міністр Дональд Туск па выніках сустрэчы з нямецкім калегам.
«Калі мы казалі пра пагрозы, якія для Еўропы стварае газавая залежнасць ад Расіі, у тым ліку праз такія інвестыцыі, як Nord Stream, я часта адчуваў сябе ў Еўропе самотным. Сёння я адчуваю велізарную падтрымку ў выглядзе жорсткай пазіцыі канцлера ў пытанні агульнай энергетычнай палітыкі. Гэта сапраўды знак часу», — сказаў польскі прэм’ер.
Не ўсе ў ЕС, аднак, падзяляюць пазіцыю Польшчы і Германіі. Раней прэм’ер-міністр Віктар Орбан заявіў, што ў інтарэсах Венгрыі купляць танны расійскі газ і нафту.
Падчас прэс-канферэнцыі ў Берліне лідары Польшчы і Германіі выказалі падтрымку Украіне, якая цяпер вядзе перамовы аб спыненні вайны.