Зяленскі і еўрапейцы сустрэліся з Уіткофам перад яго візітам да Пуціна
- 1.12.2025, 18:24
Пра што дамовіліся?
Кіраўнікі Украіны, Францыі і Вялікабрытаніі Уладзімір Зяленскі, Эмануэль Макрон і Кір Стармер пагутарылі са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША Стывам Уіткофам і кіраўніком украінскай дэлегацыі Рустэмам Умеравым. Пра гэта прэзідэнт Украіны паведаміў у сваіх сацыяльных сетках.
«Толькі што разам з Эмануэлем Макронам — таксама Кір Стармер быў на сувязі — гаварылі з Рустэмам Умеравым і Стывам Уіткофам па выніках перамоў у Фларыдзе. Важны брыф. Дамовіліся больш дэталяў абмеркаваць асабіста — каманды ўзгодняць графікі для магчымых далейшых кантактаў», — распавёў Зяленскі.
Інфармацыю пра сустрэчу пацвердзіла адміністрацыя прэзідэнта Францыі, дзе кіраўнік Украіны знаходзіцца з візітам.
Інфармаваны суразмоўца агенцтва AFP паведаміў, што Уіткоф і Умераў правялі новую сустрэчу ў Фларыдзе. Гэта адбылося на наступны дзень пасля ўкраінска-амерыканскіх перамоў пра мірны план, якія адбыліся там жа.