Экспарт нафты з Наварасійска скараціўся ўдвая
- 1.12.2025, 15:36
Прычына — удары дронаў.
Кампанія Chevron аднавіла адгрузку сырой нафты з тэрмінала Каспійскага трубаправоднага кансорцыюма ў Наварасійску пасля атакі марскога дрона, паведамляе Reuters.
Пагрузка на танкеры зноў пачалася праз швартоўны пункт №1. У той жа час швартоўны пункт №2 быў пашкоджаны ў выніку атакі.
Каспійскі трубаправодны кансорцыюм, які забяспечвае больш за 1% сусветных паставак нафты, мае расійскіх, казахстанскіх і амерыканскіх акцыянераў. Звычайна тэрмінал выкарыстоўвае два актыўныя швартоўныя пункты і адзін рэзервовы, але трэці знаходзіцца на рамонце з 12 лістапада. Рамонт можа заняць да двух месяцаў.
Атака дронаў скараціла экспарт CPC прыкладна ўдвая. Паводле іх даных, поўнае закрыццё порта было часовай мерай, а ВПМ-1 ужо перазапусцілі або запуск завяршаюць. Спадарожнікавыя здымкі пацвярджаюць, што каля яго сёння прышвартавана судна.