Навукоўцы: Старажытная статуя перапісвае гісторыю людзей
- 1.12.2025, 13:10
Ёй 11 тысяч гадоў
Археолагі знайшлі на паўднёвым усходзе Турцыі калекцыю новых артэфактаў, якія праліваюць святло на пераломны перыяд у гісторыі чалавецтва 11 тыс. гадоў таму. Менавіта тады чалавецтва перайшло ад качавога да аселага ладу жыцця.
Адкрыццё зрабілі на тэрыторыі археалагічнага помніка Гебеклі-Тэпе, які таксама часта называюць «калыскай цывілізацыі». Паводле слоў археолагаў, нядаўняя знаходка змяняе ўяўленні археолагаў пра дагістарычныя эпохі, піша Independent.
Найбольш уражлівым артэфактам апынулася статуя з тварам чалавека, падобнага на нябожчыка. Эксперты лічаць, што гэта знаходка пралівае святло на пахавальныя рытуалы і сімволіку неалітычных супольнасцяў.
Статуя была адным з 30 знойдзеных артэфактаў, сярод якіх былі і іншыя статуі людзей, жывёл, пасудзіны, талеркі, каралі і пацеркі.
«Гэтыя археалагічныя помнікі ўнікальныя тым, як яны пераасэнсоўваюць нашы веды пра гісторыю неаліту, а таксама пра пераход да аселага жыцця», — кажа міністр культуры і турызму Мехмет Нуры Эрсой.
Усе артэфакты былі знойдзены ў рамках праекта «Каменныя курганы». Усе гэтыя знаходкі сведчаць, што людзі ў эпоху неаліту ўжо мелі больш высокі ўзровень свядомасці з пункта гледжання вераванняў, рытуалаў, сацыяльнай арганізацыі і культуры.
Турэцкія ўлады чакаюць, што сёлета археалагічны помнік Гебеклі-Тэпе прыцягне каля 800 тыс. наведвальнікаў.
Праект рэалізуецца ўрадам Турцыі і ахоплівае 12 неалітычных помнікаў у Шанлыурфе, якія датуюцца 9500 годам да н.э. Сярод іх і Гебеклі-Тэпе, дзе знаходзяцца найстаражытнейшыя ў свеце збудаванні, якія выкарыстоўваліся для збору ўраджаю і правядзення рытуалаў.