ЗША некалькі дзён наносілі ўдары па поўдні Сірыі
- 1.12.2025, 11:30
Знішчана больш як 15 сховішчаў ІДІЛ.
Вайскоўцы ЗША разам з Міністэрствам унутраных спраў Сірыі выявілі і знішчылі больш як 15 аб’ектаў са сховішчамі зброі тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» (ІДІЛ).
Удары былі нанесеныя 24–27 лістапада, паведаміла Цэнтральнае камандаванне ЗША.
Сховішчы былі выяўленыя ў межах аперацыі «Унутраная рашучасць» сумесна з сірыйскімі войскамі па ўсёй правінцыі Рыф-Дамаск. Па сховішчах нанеслі шматлікія авіяўдары, таксама былі здзейсненыя наземныя падрывы.
У выніку аперацыі ўдалося знішчыць больш за 130 мінамётаў і ракет, некалькі адзінак штурмавых вінтовак, кулямётаў, супрацьтанкавых мін і матэрыялаў для вырабу самаробнай выбухоўкі. Сілавікі таксама выявілі і знішчылі незаконныя наркотыкі.